Лукашэнка заявіў, што палова з заплянаванай для разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ўжо ў Беларусі

Расейская ракетная сыстэма «Іскандэр», здольная выкарыстоўваць тактычную ядзерную зброю. Архіўнае фота

«На ядзерную краіну яшчэ ніколі ніхто не нападаў», — заявіў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка наведаў пасёлак Белавескі ў Камянецкім раёне Берасьцейскай вобласьці і выступіў перад жыхарамі.

Сярод іншага ён заявіў, што галоўнымі фактарамі бясьпекі Беларусі зьяўляюцца ў спалучэньні і расейская ядзерная зброя, і беларуская АЭС.

«На ядзерную краіну яшчэ ніколі ніхто не нападаў. У нас атамная станцыя. Гэта, я вам скажу, вельмі моцны фактар бясьпекі: калі выбухне, ня дай божа, то мала ня будзе і там у тым ліку. Таму з гэтай справай трэба быць вельмі асьцярожнымі. Мы бачым, як ва Ўкраіне адбываецца з гэтымі ядзернымі рэактарамі», — працытавала Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Згодна з паведамленьнем, Лукашэнка падкрэсьліў, што ў Беларусь ужо завезьлі з Расеі большую частку ядзернай зброі, якую разьмеркавалі па краіне.

«Ня дай божа, давядзецца выкарыстаць гэтую зброю. Я ўсе ж спадзяюся, што гэтага ня будзе. Мы ні да кога ў агарод ня лезем, але і да нас, калі ласка, ня лезьце. Мы забясьпечым сябе і сваю бясьпеку з улікам дапамогі нашых сяброў», — дадаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выведка ЗША: «Няма падставаў сумнявацца, што расейская ядзерная зброя — у Беларусі»