Расея атакавала альтэрнатыўны шлях пастаўкі ўкраінскага збожжа па Дунаі, Украіна — склад боепрыпасаў у Крыме

Наступствы аднаго з расейскіх абстрэлаў Адэскай вобласьці. Архіўнае фота

Украіна і Расея ў ноч на 24 ліпеня абмяняліся атакамі дронаў.

Расея тыдзень атакуе Адэскую вобласьць. Новай мішэньню пасьля абстрэлаў гістарычнага цэнтра Адэсы і марскога порту стаў альтэрнатыўны шлях пастаўкі ўкраінскага збожжа праз раку Дунай.

Расейскія войскі актывізавалі выкарыстаньне іранскіх дронаў

Улады Адэскай вобласьці паведамілі, што ў ноч на 24 ліпеня расейскія войскі чатыры гадзіны атакавалі рэгіён дронамі «Shahed-136».

«У выніку абстрэлаў зруйнавалі ангар са збожжам, пашкодзілі рэзэрвуары для захоўваньня іншых відаў грузаў. У адным з вытворчых памяшканьняў адбыўся пажар, які апэратыўна зьліквідавалі», — адзначаецца ў паведамленьні ўладаў Адэскай вобласьці.

Папярэдне вядома аб чатырох пацярпелых супрацоўнікаў порту.

Адэса пасьля расейскага ракетнага ўдару. ФОТАГАЛЕРЭЯ

У Крыме акупацыйныя ўлады абвясьцілі аб эвакуацыі грамадзян

Акупацыйныя ўлады Крыму паведамілі, што пад Джанкоем адбылося «надзвычайнае здарэньне» на складзе з боепрыпасамі.

«Ухвалілі рашэньне аб эвакуацыі насельніцтва бліжэйшых паселішчаў у радыюсе 5 кілямэтраў ад месца НЗ у Джанкойскім раёне ў пункты часовага разьмяшчэньня. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма», — адзначаецца ў паведамленьні акупацыйнай адміністрацыі Крыму.

Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што Ўкраіна запусьціла на Крым 19 бесьпілётнікаў.

«14 украінскіх дронаў прыдушылі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, зь якіх 11 пацярпелі крушэньне ў акваторыі Чорнага мора, і яшчэ тры ўпалі на тэрыторыі паўвострава», — адзначаецца ў паведамленьні расейскага Мінабароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі заявіў, што Расея ўначы наўмысна нанесла ўдары па інфраструктуры «збожжавай угоды»

Віцэ-прэм’ер Украіны Міхайла Фёдараў фактычна прызнаў датычнасьць Украіны да атакі Крыму бесьпілётнікамі.

«Сёньня ўначы бесьпілётнікі атакавалі сталіцу оркаў і Крым. РЭБ і СПА ўсё менш здольныя абараняць неба акупантаў. Што б там не адбывалася, але гэтага будзе больш», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

Украінскія вайскоўцы пакуль гэтую інфармацыю не камэнтуюць. Крымскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што дэтанацыя на складзе боепрыпасаў пад Джанкоем адбываецца дагэтуль.