Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ўжо ў Беларусі і перамяшчалі яе «не па зямлі»
Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, 6 ліпеня 2023 году
«Гэта такая тэма, на якую разважаць непрыстойна любому палітыку», — сказаў Лукашэнка.
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пэўная колькасьць ядзерных боегаловак ужо знаходзяцца ў Беларусі і іх прывезьлі не па зямлі.
«Гэта такая тэма, на якую разважаць непрыстойна любому палітыку. Пэўную колькасьць ядзерных боегаловак перамясьцілі на тэрыторыю Беларусі. Знаходзяцца пад надзейнай аховай», — працытавала БелТА Аляксандра Лукашэнку.
«Па зямлі мы ядзерныя боегалоўкі не перамяшчалі», — дадаў ён, расказваючы пра спосаб дастаўкі зброі ў Беларусь. Лукашэнка таксама пераконваў, што расейская тактычная ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі будзе разьмяшчацца як зброя стрымліваньня, а не нападу.
«Не хвалюйцеся наконт выкарыстаньня. Мы не зьбіраемся атакаваць нікога пры дапамозе ядзернай зброі. Вы нас не чапайце. І забудзьцеся пра ядзерную зброю. Але калі вы ўчыніце агрэсію, адказ будзе імгненны. Цэлі вызначаныя», — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка дадаў, што ўсе пункты для разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі былі падрыхтаваныя месяц таму, а да канца году ўсё, што заплянавана, будзе дастаўлена ў Беларусь.
Раней замежныя і ўкраінскія выведкі паведамлялі пра адсутнасьць прыкмет перамяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусь.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.