«Бяда ў Менску. У оруэлаўскім сьвеце Аляксандра Лукашэнкі незалежная журналістыка — гэта экстрэмізм. А беларусам, якія спрабуюць зайсьці на сайт Радыё Свабода, пагражае да шасьці гадоў турмы», — напісаў у сваёй тыднёвай калёнцы для «American Purpose» выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабода Джэфры Гедмін.
Гедмін наведаў Менск летам 2009 году ў якасьці тагачаснага прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL). Ён адзначае, што з моманту масавых пратэстаў у 2020 годзе ў Беларусі адбылося каля сарака тысяч палітычна матываваных арыштаў. У краіне, тэрыторыяй меншай за амэрыканскі штат Канзас, з насельніцтвам як у маленькай Аўстрыі, цяпер больш за 1500 палітвязьняў:
«Я ў Празе, а ў маіх думках Беларусь. У гэтыя выходныя я пачынаю выконваць абавязкі прэзыдэнта/генэральнага дырэктара Радыё Свабода... Журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка затрымалі ў чэрвені 2020 году перад сфальшаванымі выбарамі ў Беларусі тым летам. Яму прад’явілі абвінавачаньне: „Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках“. Так у Беларусі называюць дэманстрацыі. І за гэта Ігар атрымаў пятнаццаць гадоў. Ён месяцамі ня меў сувязі з навакольным сьветам. Калі жонка Ігара Дар’я публічна заклікала вызваліць мужа, што ў Беларусі лічыцца „садзейнічаньнем экстрэмісцкай дзейнасьці“, яе асудзілі на два гады.
Вэб-рэдактара Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада 2021 году, калі ён ехаў на ровары каля свайго дому ў Менску. Яго прызналі вінаватым у «хуліганстве» і «ўдзеле ў экстрэмісцкай арганізацыі» (якую фінансуюць падаткаплатнікі ЗША і ў якой я буду працаваць бліжэйшыя некалькі месяцаў). Андрэй адбывае шэсьць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму», — напісаў Джэфры Гедмін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэзыдэнт Чэхіі прыгадаў пра зьняволеных журналістаў беларускай Свабоды Кузьнечыка і ЛосікаКіраўнік Радыё Свабода адзначыў, што ўвесь сьвет павінен ведаць, дзе знаходзіцца Беларусь:
«Няма падставаў для таго, каб гэтае месца лічылася такім нязнаным. Сьляды беларускага паходжаньня ёсьць у Гарысана Форда, Гвінэт Пэлтраў, Керка Дугласа, Лары Кінга, Скарлет Ёгансан, Уэйна Грэцкі, Джарэда Кушнэра і Лізы Кудраў. Ва ўсіх кутках Беларусі сёньня вядзецца нястомная і высакародная барацьба за свабоду», — заключыў Гедмін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
За паўтара года за кратамі Андрэй Кузьнечык прачытаў 82 кнігі- Журналіст Свабоды, палітвязень Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году, у сьнежні 2021-га Ігару прысудзілі 15 гадоў пазбаўленьня волі. Ігар Лосік адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі ўзмоцненага рэжыму, якая вядомая вельмі жорсткімі ўмовамі і дрэннай экалёгіяй.
- Апошні ліст ад Ігара Лосіка бацькі атрымалі 20 лютага 2023 году — 3 месяцы ад яго няма вестак. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у сакавіку 2023 году Ігара зьмясьцілі ў ШЫЗА, а 15 сакавіка ў калёніі ён зноў рэзаў руку і шыю. Цяпер Ігар Лосік, імаверна, знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу.
- Другога журналіста, Андрэя Кузьнечыка, затрымалі 25 лістапада 2021 году, калі ён ехаў на ровары каля свайго дому ў Менску. 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкула КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.