Аб’яднанай грамадзянскай партыі прапанавалі самаліквідавацца

Леў Марголін, архіўнае фота

Пра гэта «Народнай волі» паведаміў сябра палітрады АГП Леў Марголін.

Паводле Льва Марголіна, АГП, як і Беларускай партыі «Зялёныя», прыйшоў ліст зь Міністэрства юстыцыі, у якім партыі прапануюць тэрмінова склікаць зьезд найвышэйшага партыйнага органу і самаліквідавацца.

«Мы гэтага рабіць ня будзем, і такое рашэньне прынялі ўжо даўно. Няхай ліквідуюць партыю самі», — заявіў Леў Марголін.

Ён кажа, што АГП не падавала дакумэнты на перарэгістрацыю, бо «ня бачыць у гэтым сэнсу».

«Навошта падаваць дакумэнты, загадзя ведаючы, што ты парушаеш той закон „Аб партыях і грамадзкіх арганізацыях“, які прыняты», — патлумачыў ён рашэньне партыі.

Паводле яго, і ў выпадку ліквідацыі партыі праз суд сябры партыі «калі да гэтага часу нешта рабілі супольна, то і працягнуць рабіць у будучыні».

Да таго ж, паводле Марголіна, асноўны актыў Аб’яднанай грамадзянскай партыі знаходзіцца за межамі Беларусі, так што, калі і будзе працягвацца нейкая партыйная дзейнасьць, дык у асноўным за мяжой, бо ў Беларусі актыўная палітычная праца немагчымая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беспартыйная сыстэма — новы твар беларускай «дэмакратыі»
  • Сёлета 25 студзеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адразу ў двух чытаньнях прынялі законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў».
  • 14 лютага Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон. На працягу 6 месяцаў пасьля яго ўступленьня ў сілу ўсе партыі, якія існуюць, павінны прайсьці працэдуру перарэгістрацыі.
  • Праваабаронцы і шэраг прадстаўнікоў апазыцыйных сіл нэгатыўна расцанілі папраўкі ў закон аб партыях. Яны канстатавалі, што яго прыняцьце пакіне ў Беларусі толькі праўладныя палітычныя структуры.
  • Колькасьць палітычных партый у Беларусі пасьля перарэгістрацыі зьменшыцца з 15 «да трох-чатырох», мяркуе міністар юстыцыі Сяргей Хаменка.
  • У пачатку чэрвеня Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовілася перарэгістраваць партыю «Зялёныя» бязь сьпісу сяброў, матывуючы адмову тым, што «належным чынам дакумэнты не пададзеныя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовілася перарэгістраваць партыю «Зялёныя» бязь сьпісу сяброў

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)