У Падмаскоўі зьбілі тры дроны, ва Ўкраіне — 33. Расея штодня абстрэльвае ўкраінскія тэрыторыі на фронце і ў тыле

Зьбіты над Масквой бесьпілётнік. 20 траўня 2023

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што па ўкраінскіх пазыцыях на фронце і прыфрантавой тэрыторыі ў ноч на 21 чэрвеня Расея нанесла 83 авіяцыйныя ўдары і 58 абстрэлаў з артылерыі. 

Губэрнатар Маскоўскай вобласьці Андрэй Вараб’ёў паведаміў, што ў Нара-Фамінскай гарадзкой акрузе зьбілі два бесьпілётнікі, якія нібыта накіроўваліся на вайсковыя склады.

«Сёньня два апараты самалётнага тыпу ўпалі прыблізна ў 5:30 і 5:50 раніцы на падлёце да складоў адной з вайсковых частак у выніку супрацьдзеяньня вайскоўцаў. Рэшткі знайшлі, разбурэньняў і пацярпелых няма», — напісаў Андрэй Вараб’ёў у сваім тэлеграм-канале.

Пракрамлёўскія тэлеграм-каналы ўдакладнілі, што гэта адбылося недалёка ад месца дысьлякацыі 15-га мотастралковага палка Таманскай дывізіі Ўзброеных сіл Расеі.

Яшчэ адзін дрон расейцы зьбілі нібыта каля вёскі Лукіна ў Новай Маскве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі ў Белгарадзкай вобласьці і Варонежы дроны ўрэзаліся ў жылыя будынкі, ёсьць пацярпелыя

Раней у чэрвені мясцовыя ўлады Расеі паведамлялі аб атаках дронаў на Варонеж, Курск і Белгарад. У выніку гэтых атак ахвяр не было, лёгкія траўмы атрымалі тры жыхары шматпавярховага дома ў Варонежы.

30 траўня мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў аб атацы бесьпілётнікаў на Маскву і «нязначных пашкоджаньнях» некалькіх будынкаў. Тэлеграм-каналы паведамлялі аб нібыта 25 дронах, якія ляцелі на вельмі нізкай вышыні і зачапіліся за дрэвы і правады. На падлёце да Масквы тады зьбілі яшчэ нібыта чатыры бесьпілётнікі, а ў Падмаскоўі — больш за 10.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзьве атакі дронамі на сталіцы Ўкраіны і Расеі: у Кіеве ёсьць ахвяры, у Маскве нязначныя пашкоджаньні

Расея штодзень атакуе Ўкраіну дронамі і ракетамі

Камандаваньне Паветранымі сіламі Ўкраіны паведамілі, што ў ноч на 21 чэрвеня Расея з паўночнага кірунку атакавала іранскімі дронамі захад краіны. Сродкі супрацьпаветранай абароны зьбілі ўсе бесьпілётнікі над Хмяльніцкай вобласьцю.

Расея апошнія некалькі месяцаў інтэнсіўна камбінуе ўдары дронамі і ракетамі па цэнтральнай і заходняй частцы Ўкраіны. Такім чынам 20 чэрвеня расейскія войскі атакавалі Кіеў, Львоў і Запарожжа.

Кожны дзень пад ракетным абстрэлам памежныя з Расеяй Чарнігаўская і Сумская вобласьці. У ноч на 21 чэрвеня ад артылерыйскіх абстрэлаў пацярпелі сем раёнаў Сумскай вобласьці. Папярэдне — без ахвяр і істотных разбурэньняў.

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што па ўкраінскіх пазыцыях на фронце і прыфрантавой тэрыторыі ў ноч на 21 чэрвеня Расея нанесла 83 авіяцыйныя ўдары і 58 абстрэлаў з артылерыі.

За апошнія 24 гадзіны расейскія войскі выкарысталі супраць Украіны 33 ударныя дроны, але ўсе яны былі абясшкоджаныя супрацьпаветранымі сродкамі.

Паводле ААН, ахвярамі поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну сталі 24 862 цывільныя, у тым ліку 9083 забітыя і 15 779 параненых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новая атака Расеі на Кіеў, Львоў і Запарожжа

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.