Расея атакавала баявымі дронамі поўнач і захад Украіны, а з артылерыі вяла агонь па Запарожжы і Запароскай вобласьці. Ва ўсіх гэтых рэгіёнах ад абстрэлаў пацярпелі прамысловыя аб’екты.
Кіеў атакавалі дронамі ўпершыню за апошнія 18 дзён
Гарадзкія ўлады паведамілі, што пашкоджаны вонкавыя камунікацыі мэтро, але яны будуць адрамантаваныя найбліжэйшым часам.
«Дроны заходзілі на сталіцу хвалямі, курсамі з розных кірункаў», — паведамілі ў Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі.
Інфармацыі аб пацярпелых і маштабных руйнаваньнях пакуль няма. На падлёце да Кіева паветраныя сілы зьнішчылі каля 20 дронаў.
Ужо праз гадзіну пасьля атакі ў трох раёнах сталіцы зьнікла сьвятло, але ўлады сьцьвярджаюць, што гэта адбылося праз аварыю на чатырох высакавольтных падстанцыях. Электразабесьпячэньне аднавілі на пачатку 9-й раніцы.
У Львове тры дроны пацэлілі ў крытычны інфраструктурны аб’ект
Кіраўнік Львоўскай абласной вайсковай адміністрацыі Максім Казіцкі паведаміў, што Расея атакавала рэгіён іранскімі дронамі.
«Пацэлілі ў крытычна важны аб’ект. Тры пацэльваньні. Пашкоджана перакрыцьцё паміж паверхамі, выбітыя шыбы. Ахвяраў ці пацярпелых няма. Быў пажар», — паведаміў кіраўнік вобласьці.
Мэр Львова Андрэй Садавы ўдакладніў, што праз пашкоджаньні прамысловага аб’екта транспартнікі горада вымушаныя былі зьмяніць рух электрычнага гарадзкога транспарту. Ніякіх іншых дэталяў улады не паведамляюць.
Запарожжа пацярпела і ад дронаў, і ад ракет
У Запарожжы і ваколіцах ад расейскай атакі пацярпелі камунікацыі, сельскагаспадарчае і фэрмэрскае прадпрыемства. Інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма. Адмыслоўцы спрабуюць зьліквідаваць наступствы абстрэлаў.
У вобласьці ў выніку абстрэлаў пацярпелі 19 населеных пунктаў. Расейцы абстрэльвалі рэгіён з артылерыі і авіяцыі.
«Пакуль што зафіксавалі 50 паведамленьняў аб разбурэньнях: кватэры, дамы, аўтамабілі, адміністрацыйныя і гаспадарчыя будынкі. У Арэхаве мінна-выбуховыя траўмы атрымаў 54-гадовы мужчына. Яго апэратыўна даставілі ў лякарню», — паведаміла абласная адміністрацыя.
Расея атакавала Ўкраіны з Бранскай вобласьці і Азоўскага мора
У камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што галоўнымі цэлямі цяперашняй атакі Расеі былі вайсковыя і інфраструктурныя аб’екты.
«Пускі ажыцьцяўляліся з паўночнага і паўднёвага кірункаў — Бранскай вобласьці і ўсходняга ўзьбярэжжа Азоўскага мора», — паведамілі ў Паветраных сілах Украіны.
З 35 дронаў сродкі супрацьпаветранай абароны Ўкраіны зьнішчылі 32. У паведамленьні адзначаецца, што большасьць дронаў накіроўваліся на Кіеўшчыну, а па Запарожжы Расея наносіла ўдары балістычнымі ракетамі С-300.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.