Узятыя ў палон ва Ўкраіне расейскія вайскоўцы распавялі журналістам The Wall Street Journal пра высокія страты пры адбіцьці наступу ўкраінскай арміі, пра нізкі баявы дух у расейскім войску і пра пагрозы растрэлам у выпадку адступленьня. Матэрыял WSJ пераказвае выданьне «Агенство».
Ваеннапалонныя, якія, як сьцьвярджаецца, цяпер утрымліваюцца ў Краматорску, кажуць, што добраахвотна здаліся ва ўкраінскі палон падчас баёў у раёне Вялікай Навасёлкі на захадзе Данецкай вобласьці — там украінскія вайскоўцы апошнімі днямі перайшлі ў наступ, заняўшы некалькі населеных пунктаў.
Сярод апытаных выданьнем палонных як вайскоўцы-кантрактнікі, так і мабілізаваныя і добраахвотнікі. WSJ сьцьвярджае, што журналісты пацьвердзілі іх асобы.
Адзін з палонных, паводле яго слоў, раней быў асуджаны за гандаль наркотыкамі і падпісаў кантракт з атрадам «Шторм Z», каб пасьля шасьці месяцаў на перадавой выйсьці на волю. Менавіта ён сьцьвярджае, што байцам яго атраду, пераважна завэрбаваным сярод вязьняў, забаранялі адыходзіць пад пагрозай расстрэлу ўласнымі атрадамі. Паводле яго слоў, пасьля пачатку ўкраінскага наступу ён і іншыя параненыя расейскія байцы крычалі ўкраінскім вайскоўцам, што хочуць здацца, бо баяліся расстрэлу ў выпадку адступленьня.
Яшчэ адзін палонны кажа, што ў расейскім войску нізкі баявы дух, і сьцьвярджае, што ня хоча патрапіць пад абмен, бо баіцца, што ў выпадку вяртаньня ў Расею яго будуць перасьледаваць. Якіх-небудзь дадатковых пацьверджаньняў аповедаў палонных, акрамя іх слоў, няма.
Усе апытаныя выданьнем палонныя гавораць аб вялікіх стратах абодвух бакоў канфлікту. Такую ж інфармацыю мае, у прыватнасьці, брытанская вайсковая выведка. Паводле яе даных, страты расейцаў, верагодна, дасягнулі найвышэйшага ўзроўню з сакавіка сёлета.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Брытанская выведка: «Войска Расеі нясе найбольшыя страты з часоў піку бітвы за Бахмут»Пры гэтым прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін за апошнія дні некалькі разоў заявіў, што страты ўкраінскага войска ў разы перавышаюць расейскія — ён казаў нават пра суадносіны страт 1 да 10.
Міністэрства абароны Расеі таксама прыводзіць высокія лічбы страт, якія нібыта панесла Ўкраіна, асабліва ў вайсковай тэхніцы. Толькі за апошнія суткі, паводле сьцьвярджэньняў Міністэрства абароны, украінскае войска страціла каля 100 адзінак бронетэхнікі. Пры гэтым пра расейскія страты вайсковае ведамства не паведамляе.
- Праверыць, ці адпавядаюць заявы Міністэрства абароны Расеі рэальнасьці, ва ўмовах актыўных баявых дзеяньняў немагчыма. Наяўныя дадзеныя OSINT-аналітыкі іх не пацьвярджаюць.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.