Гэтыя словы прагучалі напярэдадні ў англамоўным інтэрвію прэзыдэнта Чэхіі Пэтра Павэла для Радыё Свабода і выклікалі вялікі рэзананс у расейскамоўным асяродзьдзі ў Чэхіі, а таксама бурную рэакцыю расейскай прапаганды.
Пэтру Павэлу, у прыватнасьці, задалі наступнае пытаньне (на 20:00 у відэа): «Як вы ставіцеся да грамадзян Расеі, якія жывуць у Эўропе і сьцьвярджаюць, што яны не падтрымліваюць пазыцыю Крамля? Ці дазволяць ім працягваць візы і віды на жыхарства? Ці павінны быць дадзеныя студэнтам з Расеі магчымасьці для атрыманьня адукацыі і пабудовы кар’еры або бізнэсу ў Эўрапейскім Зьвязе?
Павэл адказаў:
«Я лічу, што, як і ў выпадку з шэрагам сусьветных канфліктаў у мінулым, падчас вайны меры бясьпекі ў дачыненьні да расейскіх грамадзян павінны быць больш строгімі, чым у звычайны час. Так што за ўсімі грамадзянамі Расеі, якія жывуць у заходніх краінах, трэба сачыць значна больш пільна, чым раней, таму што яны грамадзяне нацыі, якая вядзе агрэсіўную вайну. Мне можа быць шкада гэтых людзей, але ў той жа час, калі мы азірнёмся назад, у часы, калі пачалася Другая сусьветная вайна, — тады ўсё японскае насельніцтва, якое жыло ў Злучаных Штатах, таксама знаходзілася пад строгім рэжымам назіраньня. Гэта проста цана вайны».
«Калі вы кажаце „пад рэжымам назіраньня“, што менавіта вы маеце на ўвазе?» — удакладніў інтэрвіюер.
«Я маю на ўвазе знаходжаньне пад пільнай увагай спэцслужбаў», — растлумачыў прэзыдэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэзыдэнт Чэхіі пра напад Расеі на Ўкраіну: «Гэта не вайна аднаго Пуціна, гэта расейская вайна»У гады Другой сусьветнай вайны ўлады ЗША інтэрнавалі ня менш за 125 тысяч асоб японскага паходжаньня, у тым ліку дзясяткі тысяч японцаў, якія былі грамадзянамі ЗША, у «вайсковыя цэнтры перамяшчэньня», якія цяпер многія называюць канцэнтрацыйнымі лягерамі. З 1948 году ЗША выплачвалі кампэнсацыі вязьням лягераў, якія выжылі, а ў канцы 1980-х афіцыйна выбачыліся перад імі.
Інтэрвію Пэтра Павэла працытавалі як многія сусьветныя СМІ, пачынаючы з Reuters і выданьня Politico, так і расейскія прапагандысты, у прыватнасьці канал Уладзіміра Салаўёва.
Прэсавая сакратарка прэзыдэнта Чэхіі Маркета Рэхакава пасьля інтэрвію ў пісьмовым камэнтары Радыё Свабода падкрэсьліла, што «Прэзыдэнт ніякім чынам ня меў на ўвазе інтэрнаваньне або які-небудзь перасьлед» расейскіх грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Я асуджаю зьдзекі»: прэзыдэнт Чэхіі сустрэўся зь дзяўчынкай з Украіны, якую абражалі аднаклясьнікіЯна патлумачыла, што рэжым «пільнага назіраньня спэцслужбаў», пра які казаў прэзыдэнт Чэхіі, адносіцца не да кожнага чалавека, які зьяўляецца грамадзянінам РФ і жыве за мяжой, а «да тых, у каго ёсьць фактары рызыкі». Спасылка на японскіх грамадзян у Злучаных Штатах падчас Другой сусьветнай вайны, паводле яе слоў, «была зроблена Пэтрам Павэлам у кантэксьце таго, што абмежавальныя меры ў адносінах да грамадзян варожых краін не зьяўляюцца чымсьці новым і прымяняліся ў мінулым, хоць і больш жорстка» .
Аднак яна падкрэсьліла, што пераважная большасьць жыхароў Расеі сёньня падтрымліваюць прэзыдэнта Пуціна, агрэсію супраць Украіны і нават напады на цывільныя аб’екты ва Ўкраіне.
«У гэтых умовах было б поўным правалам нашых уласных сілавых структур і пагрозай бясьпецы нашых грамадзян, калі б гэтыя [сілавыя] службы не аддавалі павышанай увагі расейскай грамадзе, якая жыве ў нашай краіне», — растлумачыла прэсавая сакратарка Пэтра Павэла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На інаўгурацыю чэскага прэзыдэнта запрасілі ўпаўнаважаную Ціханоўскай, а не прадстаўнікоў амбасады Беларусі. ФОТАРасейцы — значная па велічыні дыяспара ў Чэхіі. У сакавіку 2022 году, калі пачалася вайна ва Ўкраіне, у Чэхіі знаходзілася больш за 46 тысяч грамадзян РФ (на 10 зь невялікім мільёнаў насельніцтва). Аднак варта ўлічыць, што гэта тычыцца толькі расейцаў, якія жывуць у Чэхіі па візах і дазволах на жыхарства, а тысячы расейцаў маюць чэскае грамадзянства на дадатак да расейскага.
У апошнія гады ў Чэхіі адбылося некалькі буйных скандалаў, зьвязаных зь дзейнасьцю расейскіх спэцслужбаў у гэтай краіне. Найбуйнейшы з іх быў зьвязаны з датычнасьцю расейскага ГРУ да выбухаў на складзе боепрыпасаў у горадзе Врбэціцэ ў 2014 годзе, у выніку чаго загінулі некалькі грамадзян Чэхіі.
Прага пасьля гэтага выслала 18 расейскіх дыпляматаў. У адказ Расея выслала 20 супрацоўнікаў амбасады Чэхіі ў Маскве. У траўні 2021 году ўрад Расеі зацьвердзіў пералік недружалюбных краін, у які ўвайшлі толькі ЗША і Чэхія. Гэты статус захоўваецца за Чэхіяй да гэтага часу.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.