Спэцдакладчык ААН «рашуча асудзіў» выкарыстаньне мігрантаў як палітычнага інструмэнта на мяжы Беларусі і Польшчы

Беларускія вайскоўцы стаяць на варце, калі мігранты зьбіраюцца для раздачы гуманітарнай дапамогі ў лягеры на беларуска-польскай мяжы ў Горадзенскай вобласьці, 14 лістапада 2021

Спэцыяльны дакладчык па пытаньні аб правах чалавека мігрантаў Фэліпэ Гансалес Маралес апублікаваў даклад па выніках наведваньня ім Польшчы і Беларусі ў 2022 годзе.

У дакумэнце Гансалеса Маралеса адзначаецца, што «становішча мігрантаў на беларуска-польскай мяжы служыць адлюстраваньнем геапалітычнага крызісу, які працягваецца ў рэгіёне». Аўтар «рашуча асудзіў выкарыстаньне мігрантаў у якасьці палітычнага інструмэнта ў парушэньне іх правоў чалавека».

Сярод іншага ён згадаў пра сьмерці сярод мігрантаў на беларуска-польскай мяжы. Кожны выпадак сьмерці павінен расьсьледавацца, улады дзьвюх краін павінны супрацоўнічаць, зазначыў Маралес.

Каб знайсьці рашэньні для гэтых мігрантаў, спэцдакладчык заклікае Беларусь, Польшчу і Эўразьвяз весьці «канструктыўны дыялёг». Беларусі і Польшчы ён рэкамэндуе зрабіць «усе разумныя захады засьцярогі для абароны жыцьця і прадухіленьня празьмернага прымяненьня сілы і ўзьнікненьня ўмоў, раўнасільных жорсткаму, бесчалавечнаму і прыніжальнаму для годнасьці абыходжаньню, а таксама супрацоўнічаць для выратаваньня жыцьцяў і прадухіленьня сьмерцяў і траўмаваньня мігрантаў у адпаведнасьці зь міжнародным правам».

Маралес выступіў за доступ мігрантаў да правасудзьдзя і сродкаў прававой абароны, прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці — за доступ у памежную зону.

На ягоную думку, Беларусі трэба стварыць «спрыяльныя ўмовы для дзейнасьці праваабаронцаў і дазволіць ім выконваць свае законныя функцыі па заахвочваньні і абароне правоў чалавека, не асьцерагаючыся перасьледу, запалохваньня або рэпрэсій», гаворыцца ў дакладзе.

Гансалес Маралес рэкамэндаваў Беларусі супрацоўнічаць зь міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку ААН, для абароны правоў мігрантаў і тых, хто просіць прытулку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

МЗС Беларусі папярэдзіла пра «патэнцыйную летнюю эскаляцыю» міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЭЗ

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Сьвіслачы на беларуска-польскай мяжы знайшлі цела мігранта