Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, Амбразевіч таксама заклапочаны «адсутнасьцю якога-небудзь узаемадзеяньня Польшчы, Літвы і Латвіі з урадам Беларусі па гэтай тэме, вырашэньне якой ня можа быць забясьпечана толькі аднабаковымі намаганьнямі Менску».
Паводле Амбразевіча, адмова Польшчы і дзяржаваў Балтыі ад супрацоўніцтва на агульнай мяжы робіць іх «цалкам адказнымі за рост арганізаванай злачыннасьці, зьвязанай зь нелегальным перасячэньнем замежнікамі беларускай мяжы ў напрамку Эўразьвязу» і зьвязаныя з гэтым «пакуты і сьмерці ўцекачоў».
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу.
- Яшчэ ўвесну 2021 году шматразовае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў спачатку адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а потым на Латвію.
- Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя плыні істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі. Самы папулярны кірунак, як сьведчыць статыстыка, — польскі.
- З пачатку 2023 году краіны ЭЗ зафіксавалі 16 921 спробу пранікненьня нелегальных мігрантаў з боку Беларусі (Польшча — 11 796, Латвія — 3921, Літва — 1204).
- Кіраўніцтва дзяржаваў Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.