Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што за апошні дзень затрымалі 31 мігранта, які спрабаваў незаконна трапіць зь Беларусі на літоўскую тэрыторыю.
«Сёлета супрацоўнікі службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы не дазволілі несанкцыянаваны ўезд 1175 нелегальных мігрантаў, а з пачатку выкліканага Беларусьсю міграцыйнага крызісу літоўскія памежнікі — 20 487 мігрантаў», — адзначаецца ў паведамленьні Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Паводле літоўскіх памежнікаў, іхныя калегі з Латвіі за апошнія содні не зарэгістравалі ніводнага такога факту, а з Польшчы папярэдзілі парушэньне закону 124 іншаземцамі.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва.
- Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць замежнікаў, а вяртаць у Беларусь, плыні мігрантаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
- Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
- Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.