Падрыў адбыўся ў ноч на аўторак, 6 чэрвеня. Пра гэта паінфармавала апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень». Разбурана 11 з 28 пралётаў.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі склікаў экстранае пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, паведаміў у твітэры кіраўнік РНБА Аляксей Данілаў.
У Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны паведамілі, што ў выніку падрыву дамбы ў раку Дняпро вылілася больш за 150 тон машыннай алівы, існуе рызыка далейшага выцеку звыш 300 тон.
Партызаны руху «Атэш» (створаны і дзейнічае на акупаванай Расеяй украінскай тэрыторыі. – РС) ужо ідэнтыфікавалі расейскіх вайскоўцаў, якія займаліся мінаваньнем дамбы і яе падрывам. Паводле іх, гэта вайскоўцы першага батальёну 205-й мотастралковай брыгады Ўзброеных сіл Расеі.
Урад Украіны паведаміў аб падтапленьні 24 дэакупаваных населеных пунктаў, у якіх пражываюць больш за 20 тысяч грамадзян. Пакуль удалося эвакуаваць 1300 жыхароў. Ёсьць населеныя пункты, да якіх ужо немагчыма дабрацца праз тое, што дарогі апынуліся пад вадой.
На акупаванай Расеяй тэрыторыі эвакуаваць неабходна жыхароў 20 населеных пунктаў, у якіх пражываюць каля 25 тысяч грамадзян.
Стала вядома, што ў горадзе Новая Кахоўка цалкам затапіла мясцовы заапарк. Усе жывёлы загінулі, уратавацца змаглі толькі лебедзі і качкі.
Спадарожнікавы здымак Maxar 6 чэрвеня 2023
Кіраўнік прызначанай расейцамі акупацыйнай адміністрацыі Новакахоўскага раёну Ўладзімір Лявонцьеў спачатку абвяргаў, але затым пацьвердзіў ТАСС факт падрыву, але заявіў, што сытуацыя не выглядае крытычнай і патрабуецца эвакуацыя «нязначнай часткі» жыхароў. Ён абвінаваціў у абстрэлах украінскіх вайскоўцаў.
Сьпікерка апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» Натальля Гумянюк у эфіры ўкраінскай службы Радыё Свабода падкрэсьліла, што ў выпадку з разбурэньнем дамбы вядзецца менавіта аб падрыве, а не аб ракетным удары.
«Нават па выглядзе пашкоджаньняў, па вонкавым выглядзе самой дамбы відаць, што падрыў адбыўся знутры», — сказала Натальля Гумянюк.
Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны нагадала, што раней паведамляла аб мінаваньні расейскімі войскамі Кахоўскай ГЭС адразу пасьля яе захопу ў 2022 годзе.
«Летась у красавіку ажыцьцявілі дадатковае мінаваньне шлюзаў і апораў. На самой дамбе ўстанавілі тэнтаваныя грузавікі з выбухоўкай», — паведамілі вайсковыя выведнікі Ўкраіны.
Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што ў выніку падрыву Кахоўскай дамбы існуе небясьпека затапленьня 80 населеных пунктаў на поўдні краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіеў: падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС стварае дадатковыя пагрозы для бясьпекі акупаванай Расеяй Запароскай АЭСПрэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС зьяўляецца дадатковым фактам, які сьведчыць аб тэрарыстычнай дзейнасьці Расеі.
«Іх трэба выгнаць з кожнага куточка ўкраінскай зямлі. Ніводнага мэтра нельга ім пакідаць, бо кожны мэтар яны выкарыстоўваюць для тэрору. Толькі перамога Ўкраіны верне бясьпеку. І гэтая перамога будзе. Ні вадой, ні ракетамі, нічым іншым тэрарысты ня змогуць спыніць Украіну», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
Міністэрства замежны спраў Украіны заклікала міжнародную супольнасьць адрэагаваць на тэрарыстычны акт, учынены расейскімі войскамі на Кахоўскай ГЭС.
«Падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС — тэхнагенны і экалягічны тэрарызм, найбольшая тэхнагенная катастрофа ў Эўропе за апошнія дзесяцігодзьдзі, чарговая праява генацыду Расеі супраць украінцаў», — адзначаецца ў заяве МЗС Украіны.
Украінскія дыпляматы падкрэсьлілі, што крытычнае зьніжэньне вады ў Кахоўскім вадасховішчы стварае перадумовы для магчымага інцыдэнту на Запароскай АЭС, якая атрымлівае ваду для падтрыманьня сыстэм бясьпекі.МЗС Украіны заклікала міжнародную супольнасьць засудзіць расейскі тэракт і тэрмінова ўвесьці новыя санкцыі супраць Расеі, у тым ліку на расейскую ракетную індустрыю і атамную галіну.
Затоплены горад Новая Кахоўка, які застаецца ў расейскай акупацыі
Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, заявіў, што падрыў Кахоўскай дамбы зьяўляецца «наўмыснай дывэрсіяй украінскага боку», каб пазбавіць Крым вады ад таго, што ўкраінскі «контранаступ захлынаецца». Сьпікер Крамля зьняпраўдзіў абвінавачаньні Кіева і эўрапейскіх палітыкаў, што дамбу падарвалі расейскія вайскоўцы.
Кіраўнік акупацыйнай расейскай улады Крыму Сяргей Аксёнаў заявіў аб рызыцы абмяленьня Паўночна-Крымскага каналу, празь які Крым забясьпечваецца вадой.
«Ёсьць рызыкі, што Паўночна-Крымскі канал будзе мялець. Цяпер вады ў канале недзе каля 40 мільёнаў кубамэтраў. Вадасховішчы, якія раней былі запоўненыя на 15-20%, цяпер запоўненыя на 80%», — паведаміў Сяргей Аксёнаў у сваім тэлеграм-канале.
У той жа час ён сьцьвярджае, што пітной вады «больш чым дастаткова» і цяпер праводзяць работы «для мінімізацыі стратаў у канале».
Кахоўская ГЭС да падрыву
- Кахоўская ГЭС — ніжняя прыступка Дняпроўскага каскаду электрастанцый. Знаходзіцца ў Херсонскай вобласьці.
- Яе ўзводзілі шэсьць гадоў, пачынаючы з 1950 году. Цяпер станцыя не вырабляе электраэнэргіі і, адпаведна, не працуе ў складзе ўкраінскай энэргасыстэмы.
- У 2020 годзе ўрад Украіны ўхваліў рашэньне аб далейшай разбудове станцыі і будаўніцтве Кахоўскай ГЭС-2, але праз вайну рэалізацыя праекту так і не пачалася.
- Раней «Укргідроенерго» паведамляла, што Расея стварыла на ГЭС сваю вайсковую базу. Гідраэлектрастанцыя знаходзіцца за 5 км ад Новай Кахоўкі, таксама акупаванай расейцамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Генштаб Узброеных сіл Украіны: Расея працягвае энэргетычны тэрорГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Запароскую АЭС праз 7 гадзін пасьля расейскіх абстрэлаў удалося падключыць да ўкраінскай энэргасыстэмы