Лукашэнка: Пачалося перамяшчэньне ядзерных боепрыпасаў

Аляксандар Лукашэнка

Супрацоўнік расейскага тэлеканала паспрабаваў удакладніць у Лукашэнкі, які цяпер знаходзіцца ў Маскве, ці знаходзіцца ўжо ў Беларусі тактычная ядзерная зброя Расеі.

Паводле Лукашэнкі, месца для захоўваньня ядзернай зброі ўжо падрыхтаванае, таму «ўжо пачалося перамяшчэньне ядзерных боепрыпасаў». Калі карэспандэнт спытаў, ці ўжо яны ў Беларусі, Лукашэнка сказаў:

«Магчыма. Я прыеду і пагляджу».

Сёньня раніцай міністры абароны Беларусі і Расеі падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спэцыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі. Па словах Шайгу, Расея захавае кантроль над узбраеньнем, а рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой.

Паводле інфармацыі «Беларускага расьсьледніцкага цэнтру», сховішча расейскай ядзернай зброі могуць разьмясьціць у Менскай або Магілёўскай абласьцях. Апытаны праектам вайсковы экспэрт растлумачыў, што за кошт разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі Масква павялічыць зону пакрыцьця сваіх ракетных сыстэм як мінімум на 600 кілямэтраў.