У расейскім і ўкраінскім сэгмэнтах сацыяльных сетак зьявіліся паведамленьні аб баявых сутыкненьнях на мяжы паміж Украінай і Расеяй на тэрыторыі імаверна кантрольна-прапускнога пункту (КПП) у Грайваранаўскім раёне Белгародзкай вобласьці.
Як паведаміла расейская служба Радыё Свабода, на адным зь відэа на кантрольна-прапускны пункт нібыта заяжджае танк пад украінскім сьцягам.
На другім відэазапісе, які, магчыма, быў зроблены ў памяшканьні КПП, відаць цела забітага расейскага вайскоўца. Аўтэнтычнасьць відэа не пацьверджаная. Сьцьвярджаецца, што ў баявых сутыкненьнях з боку Ўкраіны ўдзельнічае так званы Расейскі добраахвотніцкі корпус.
Шэраг тэлеграм-каналаў паведамілі аб сутыкненьнях у раёне вёскі Дронаўкі.
Губэрнатар Белгародзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў абвінаваціў Украіну ў «інфармацыйнай атацы на вобласьць, якая заклікае да панікі». Ён пацьвердзіў факт абстрэлу Грайваранаўскага раёну, але паведаміў аб адсутнасьці параненых і загінулых. Улада, паводле яго, не паведамляла аб эвакуацыі насельніцтва.
Пазьней губэрнатар Белгародзкай вобласьці паведаміў, што нібыта «на тэрыторыю Грайваранскай акругі зайшла дывэрсійна-выведная група УСУ».
«Узброеныя сілы Расеяй разам з памежнай службай, Расгвардыяй і ФСБ ажыцьцяўляюць неабходныя захады для ліквідацыі праціўніка. Падрабязнасьці буду паведамляць», — напісаў Гудкоў у сваім тэлеграм-канале.
У Кіеве прызналі
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў пацьвердзіў інфармацыю аб баявых сутыкненьнях на мяжы Расеі і Ўкраіны.
«Так, сёньня Расейскі добраахвотніцкі корпус і легіён «Свабода Расеі», якія складаюцца з грамадзян Расеі, пачалі апэрацыю па вызваленьні гэтых тэрыторый Белгародчыны ад так званага рэжыму Пуціна і адцясьненьня праціўніка з мэтай стварэньня пэўнай паласы бясьпекі для абароны ўкраінскага цывільнага насельніцтва»,— паведаміў Андрэй Юсаў украінскаму тэлеканалу «Суспільне».
«Расейскі добраахвотніцкі корпус» (РДК) — узброенае фармаваньне, створанае правымі актывістамі, якія эмігравалі з Расеі і ваююць на баку Ўкраіны — перад гэтым паведамілі, што ягоныя байцы «ажыцьцявілі рэйд на расейскую тэрыторыю».
Корпус абнародаваў відэазапіс, на якім узброеныя людзі з сымболікай РДК пазуюць на тле таблічак з назвамі вёсак Бязьлюдаўка, Чуровічы і Любімаўка. Бязьлюдаўка знаходзіцца непадалёку ад Шабекіна ў Белгародзкай вобласьці, Чуровічы — у Бранскай, вёсак з назвай Любімаўка ў памежных рэгіёнах некалькі, у прыватнасьці ў Бранскай і Курскай абласьцях.
Аб сутыкненьнях у Белгародзкай вобласьці паведамілі Пуціну, яго рэакцыя невядомая
Як паведаміла расейская інфармацыйнае агенцтва РБК, Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта, заявіў, што аб спробе «прарыву ўкраінскіх дывэрсантаў» у Белгародзкую вобласьць паведамілі Ўладзіміру Пуціну.
Паводле яго, «ідзе праца па выцясьненьні ўкраінскіх дывэрсантаў з расейскай тэрыторыі і зьнішчэньні гэтай дывэрсійнай групы, сіл і сродкаў на месцы дастаткова».
Дзьмітрый Пяскоў лічыць, што такім чынам украінскі бок хоча «мінімізаваць палітычны эфэкт ад страту Арцёмаўска». У Расеі Арцёмаўскам называюць горад Бахмут, які так называўся да свайго перайменаваньня ў межах дэкамунізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Улады Белгародзкай вобласьці паведамілі аб трох зьбітых ракетах. Пацярпеў адзін чалавекРасейская ўлада 2 сакавіка паведамляла пра ўкраінскую дывэрсійную групу, якая зайшла ў памежную з Украінай Бранскую вобласьць.
Пасьля поўнамаштабнага ўзброенага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну прадстаўнікі ўладаў Белгародзкай, Бранскай і Курскай абласьцей рэгулярна заяўляюць пра артылерыйскія абстрэлы гэтых тэрыторый. Расея абвінавачвае ў гэтым Украіну. Украінскі бок абстрэлаў не камэнтуе.
У той жа час Расея інтэнсіўна абстрэльвае ўсё ўкраінскае памежжа — Чарнігаўскую, Сумскую і Харкаўскую вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Белгарад, Курск і Варонеж. Адразу тры расейскія губэрнатары заявілі аб атаках на свае рэгіёныВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.