Украінская памежная служба: пэрыядычна фіксуем пускі іранскіх дронаў зь Беларусі

Дрон «Шахед»

Пры гэтым абстрэлаў зь беларускай тэрыторыі больш няма, паведамілі ў Кіеве.

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны (ДПСУ) у апошні час не фіксуе абстрэлаў зь беларускай тэрыторыі, заявіў у этэры тэлеканалу «Эспрессо» афіцыйны прадстаўнік ведамства Андрэй Дземчанка. Ён нагадаў, што Ўкраіну зь Беларусі «абстрэльвалі на пачатку паўнамаштабнага ўварваньня».

Пры гэтым Дземчанка сказаў, што пэрыядычна зь Беларусі вылятаюць дроны.

«Беларусь актыўна падтрымлівае Расею, таму надала сваю тэрыторыю для абстрэлаў Украіны. Сёньня пэрыядычна могуць фіксавацца пускі „Шахедаў“ зь Беларусі».

Як заяўляюць Украіна і міжнародныя назіральнікі, Расея выкарыстоўвае «Шахеды» для нападаў ва Ўкраіне, у тым ліку для ўдараў па цывільнай інфраструктуры і цывільных жыхарах. Расея і Іран гэта адмаўлялі, аднак у лістападзе Іран прызнаў пастаўкі Расеі дронаў — «невялікай іх колькасьці яшчэ да пачатку вайны ва Ўкраіне».

У студзені адбылося бамбаваньне заводу, на якім вырабляюцца іранскія дроны. Тады ў Тэгеране заявілі, што шкода невялікая. У атацы падазравалі Ізраіль, але ніхто наўпрост пра зьдзяйсьненьне атакі не заявіў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея зноў абстраляла ракетамі Ўкраіну, атакавала Дніпро, Кіеў, Умань. Ёсьць ахвяры. ФОТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Мінабароны Расеі назвалі «мэту» ўдару па Ўкраіне, у якім загінулі сама меней 19 мірных жыхароў