Сьцісла:
- Дно, якое было дасягнутае ў 2022 годзе ў выніку санкцыяў і страты эўрапейскага рынку, ужо дасягнутае, беларуская эканоміка спрабуе ад яго адштурхнуцца.
- Да траціны экспарту, які абваліўся, але потым раптам пачаў аднаўляцца, зьвязана менавіта са схемамі абыходу санкцыяў.
- Беларуская эканоміка ўсё больш залежыць ад рашэньняў, якія прымаюцца ня ў Менску, а ў Расеі.
- Выезд з краіны беларусаў — для ўладаў не праблема, а чыньнік стабілізацыі грамадзтва і зьмяншэньня беспрацоўя.
— Летась беларуская эканоміка ўпала амаль на 5 працэнтаў, але падзеньне працягваецца і першыя месяцы гэтага году. Гэта проста вынік першых месяцаў ці доўгатэрміновая тэндэнцыя?
— Нягледзячы на вынікі першых месяцаў, мы ўжо назіраем, што пачалася пэўная стабілізацыя і нават аднаўленчы рост эканомікі. Тое падзеньне, якое відаць паводле вынікаў першага кварталу, — гэта чаканы і натуральны факт, бо параўнаньне ідзе яшчэ з «даваеннай» базы. Але калі параўноўваць з чацьвёртым кварталам мінулага году, то ўжо бачны аднаўленчы рост. То бок гэта сьведчыць, што тое дно, якое было дасягнутае ў выніку санкцыяў і страты эўрапейскага рынку, ужо пераадоленае, ад яго адштурхнуліся, і пачаўся пэўны рост.
Тут я бачу галоўныя два пытаньні. Па-першае, гэтае дно аказалася не такім глыбокім, як можна было чакаць. Па-другое — наколькі ўстойлівым будзе цяперашні аднаўленчы рост, ці можна чакаць вяртаньня хаця б да даваеннага ўзроўню?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Тэхналягічнае разьвіцьцё Беларусі паставілі на паўзу». Эканамістка пра санкцыі і ад’езд спэцыялістаў— Аднак санкцыі не адмененыя, яны працягваюцца. Ці адаптавалася беларуская эканоміка да гэтых санкцыяў, альбо проста іх нейкім чынам абыходзяць?
— Я думаю — і тое, і другое. З прычыны засакрэчаных дадзеных цяжка дакладна вызначыць, наколькі тут вялікая роля абыходу санкцыяў. Але галоўны чыньнік таго, што дно аказалася не такім глыбокім, — гэта і адаптацыя эканомікі, і зьбег пэўных удалых абставінаў.
Першае — улады знайшлі новыя нішы на расейскім рынку. Заходнія вытворцы адтуль сышлі, узровень канкурэнцыі зьменшыўся, і гэта палепшыла сытуацыю для беларускіх вытворцаў. Па-другое, была спрыяльная сытуацыя ў сэнсе канкурэнтаздольнасьці беларускага экспарту ў сувязі з курсам расейскага рубля, што дало магчымасьць беларускаму рублю ў другой палове 2022 году ўзмацняцца да даляра. Трэці чыньнік, які, магчыма, самы галоўны, — паступовае аднаўленьне так званай «нафтавай рэнты» (прыкладна зь верасьня). Нафта для Беларусі стала каштаваць значна таньней, а ў гэтым годзе гэты чыньнік яшчэ ўзмацніўся ў сувязі з кампэнсацыяй расейскага «нафтавага манэўру».
Абыход санкцыяў таксама існуе, але ацаніць яго аб’ёмы, натуральна, даволі складана. На думку экспэртаў, якія займаюцца гэтым пытаньнем, да траціны экспарту, які абваліўся, але потым раптам пачаў аднаўляцца, зьвязана менавіта са схемамі абыходу санкцыяў.
— Калі гаварыць пра «нафтавы манэўр», то гэта фактычна падтрымка Расеяй беларускай эканомікі, якая, паводле некаторых падлікаў, была ў мінулым годзе рэкорднай і склала, у самых розных формах, да 15 мільярдаў даляраў.
— Так, тут вельмі шмат чыньнікаў. Нафтавая рэнта, нізкія цэны на газ (асабліва калі ўзгадаць, што ў 2022 годзе рынкавыя цэны на газ у сьвеце дасягалі фантастычных лічбаў, а Беларусь атрымлівала яго па 128 даляраў). Ёсьць і іншыя рэчы — рэструктурызацыя крэдытных абавязаньняў, падтрымка беларускага экспарту ў Расею — усё гэта вельмі ўплывала на беларускую эканоміку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ВУП Беларусі ў першым квартале ўпаў на 2,1%Пытаньнем застаецца, у якой ступені гэта вынік «сьвежых» палітычных дамоўленасьцяў і сьвядомая пазыцыя Расеі, а ў якой ступені проста пратаптаная каляіна: раней дамовіліся — і выконваюць. Але факт у тым, што вось гэтая падтрымка Расеяй (калі гэта можна назваць падтрымкай, бо за яе Беларусь расплачваецца сваім сувэрэнітэтам) істотна павялічыла ступень эканамічнай залежнасьці ад Расеі, якую сёньня ўжо можна назваць ня толькі вялікай, але крытычнай і гіганцкай.
— Што азначае гэтая крытычная залежнасьць на пэрспэктыву? Чым гэта можа скончыцца для будучыні беларускай эканомікі?
— Уцягваньне ў расейскую арбіту вядзе да таго, што мы будзем паўтараць іхны шлях разьвіцьця ў розных сфэрах. Гэта як залежнасьць беларускага рубля ад курсу расейскага, так і ў іншых сфэрах — фінансаў, энэргетыцы, сацыяльнай — мы ўсё больш залежым ад рашэньняў, якія прымаюцца ня ў Менску, а ў Расеі. І ў пэўны момант расейцы могуць проста сказаць: «Калі птушка кракае як качка, плавае як качка — то гэта і ёсьць качка». Калі вы настолькі залежыце ад Расеі, увесь гандаль з Расеяй — дык вы, можа, і ёсьць Расея? Думаю, гэта і ёсьць іхная асноўная стратэгія.
— Калі беларуская эканоміка, як вы сказалі, дасягнула пэўнай стабілізацыі — то як выглядае цяперашні прагноз, хаця б на канец гэтага году? Вядома, калі не адбудзецца нейкіх надзвычайных палітычных падзеяў.
— Я схіляюся да таго, што будзе рост: 2 працэнты выглядаюць даволі рэалістычным сцэнарам. Вядома, ня трэба гэты плюс пераацэньваць. Сапраўды, трэба памятаць, што гэта плюс пасьля падзеньня 5 працэнтаў у мінулым годзе. Так што нават калі будзе зафіксаваны такі рост, то ў лепшым выпадку гэта будзе вяртаньне на вынікі 2019 году — наўрад ці гэтым можна ганарыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Эканаміст: Наш рубель абясцэньваецца, бо расьце залежнасьць ад РасеіТак што гэта той самы, як я гэта называю, «аднаўленчы рост», што ў пэўным сэнсе адбываецца натуральна. Але нават гэты тэарэтычны рост зусім не гарантаваны. Ён грунтуецца на такіх няўстойлівых мэханізмах, як нафтавая рэнта Расеі, цэнавая канкурэнтаздольнасьць на расейскім рынку — усё гэта можа зьмяніцца ў любы момант.
Што тычыцца даходаў, то некаторае аднаўленьне росту заробкаў зьвязана ў тым ліку і зь міграцыяй. Шмат якія фірмы вымушаныя падвышаць заробкі, каб утрымаць сваіх супрацоўнікаў ад ад’езду за мяжу. Што да ўладаў, то яны традыцыйна жывуць сёньняшнім днём, ня надта дбаюць пра далёкую будучыню і таму спакойна ставяцца да міграцыі беларусаў. Бо гэта ў іхным разуменьні чыньнік стабілізацыі грамадзтва і зьмяншэньня беспрацоўя. За выключэньнем некаторых сфэраў, такіх як мэдыцына, дзе ад’езд супрацоўнікаў становіцца сур’ёзнай сацыяльнай праблемай.