Міжнародная супольнасьць рэзка крытыкуе прысуд расейскаму апазыцыянэру Ўладзіміру Кара-Мурзу

Уладзімір Кара-Мурза ў маскоўскім судзе, 17 красавіка 2023 году

Міжнародныя арганізацыі і краіны сьвету зноў заклікалі да вызваленьня расейскіх палітвязьняў. Агляд «Голасу Амэрыкі».

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк у панядзелак выступіў з асуджэньнем прысуду, вынесенага маскоўскім судом апазыцыйнаму палітыку і журналісту Ўладзіміру Кара-Мурзу, назваўшы рашэньне суду «яшчэ адным ударам па вяршэнстве грамадзянскай актыўнасьці ў РФ».

«Кара-Мурза паўстаў перад судом па абвінавачваньнях, якія, як уяўляецца, зьвязаныя з законным ажыцьцяўленьнем яго права на свабоду меркаваньня, выказваньня і аб’яднаньня, у тым ліку яго публічную крытыку збройнага нападу Расейскай Фэдэрацыі на Ўкраіну, — адзначаецца ў заяве Цюрка, апублікаванай Камісіяй ААН па правах чалавека. — Ніхто не павінен быць пазбаўлены волі за рэалізацыю сваіх правоў чалавека, і я заклікаю расейскія ўлады вызваліць яго без прамаруджваньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі апазыцыянэру Ўладзіміру Кара-Мурзу прысудзілі 25 гадоў зьняволеньня

Эўразьвяз асудзіў вынесены Кара-Мурзу прысуд, назваўшы рашэньне расейскага суду «абуральным» і «палітычна матываваным».

«Сёньняшняе абуральна жорсткае рашэньне суду яшчэ раз ясна дэманструе палітычнае злоўжываньне судовай уладай з мэтай ціску на актывістаў, праваабаронцаў і любыя галасы, якія выступаюць супраць процізаконнай агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны, — падкрэсьліваецца ў заяве кіраўніка зьнешняй палітыкі ЭЗ Жузэпа Бурэля. — Мы заклікаем Расею неадкладна і безумоўна вызваліць усіх, хто знаходзіцца ў зьняволеньні па палітычна матываваных абвінавачаньнях».

У панядзелак урад Вялікай Брытаніі выклікаў расейскага амбасадара, каб выказаць асуджэньне прысуду Ўладзіміру Кара-Мурзу, які мае, апроч расейскага, брытанскае грамадзянства.

«Адсутнасьць у Расеі прыхільнасьці да абароны асноўных правоў чалавека, у тым ліку свабоды слова, выклікае трывогу, — гаворыцца ў заяве міністра замежных спраў Вялікай Брытаніі Джэймса Клэвэрлі. — Мы працягваем заклікаць Расею выконваць свае міжнародныя абавязаньні, уключаючы права Ўладзіміра Кара-Мурзы на належнае мэдычнае абслугоўваньне».

Вялікая Брытанія ўжо ўвяла санкцыі супраць судзьдзі, які старшыняваў на працэсе, за яго дачыненьне да парушэньняў правоў чалавека ў мінулым, і заявіла, што разгледзіць далейшыя меры па прыцягненьні да адказнасьці тых, хто мае дачыненьне да «затрыманьня і дрэннага абыходжаньня» з Кара-Мурзом.

Міністэрства замежных спраў Нарвэгіі ў панядзелак таксама асудзіла прысуд Кара-Мурзу.

«Гэта вельмі жорсткі прысуд, які выклікае вялікую трывогу за ажыцьцяўленьне права на свабоду выказваньня меркаваньня», — заявіла кіраўніца нарвэскага МЗС Анікен Хюітфэльд.

З асуджэньнем прысуду, вынесенага расейскаму апазыцыянэру, выступіла МЗС Францыі. Ведамства адзначыла, што расейская судовая сыстэма ператварылася ў інструмэнт прыгнёту ў межах кампаніі рэпрэсій, разгорнутай уладамі РФ супраць усіх, хто крытыкуе расейскае кіраўніцтва і разьвязаную ім агрэсіўную вайну супраць Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.