Сёлетняе сьвяткаваньне Вялікадня супала з абвастрэньнем сытуацыі вакол Кіева-Пячорскай лаўры, храмы якой арандавала Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, пакуль улады не разарвалі адпаведнай дамовы.
Вялікдзень паводле юльянскага календара ва Ўкраіне адзначаюць тры найбольшыя канфэсіі — аўтакефальная Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ), Украінская грэка-каталіцкая царква (УГКЦ) і Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП).
Паводле статыстыкі, ва Ўкраіне 67% грамадзян ідэнтыфікавалі сябе праваслаўнымі хрысьціянамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пісанкі і валачобнікі. Як адрозьніваюцца ўкраінскія велікодныя традыцыі ад беларускіхВернікі дзьвюх канфэсій будуць маліцца ў Кіева-Пячорскай лаўры
Упершыню ад моманту атрыманьня прызнаньня Канстантынопальскім патрыярхатам Праваслаўная царква Ўкраіны правядзе велікодныя службы ў Кіева-Пячорскай лаўры.
Іх будзе праводзіць архімандрыт Аўрамій, які перайшоў з УПЦ МП у аўтакефальную ПЦУ і цяпер ачольвае манастыр у лаўры.
Акцыя пратэсту каля Кіеўскай лаўры. Сакавік 2021
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Намесьнік настаяцеля Кіева-Пячорскай лаўры перайшоў ва аўтакефальную ПЦУДа богаслужэньняў у храмах Кіева-Пячорскай Лаўры рыхтуюцца і сьвятары УПЦ Маскоўскага патрыярхату. Яны дагэтуль адмаўляюцца пакінуць тэрыторыю лаўры, нягледзячы на тое, што ўлады разарвалі дамову аб арэндзе.
Пратэст каля Кіеўскай лаўры. Красавік 2023
Мітрапаліт Павел (Пятро Лебедзь), які да апошняга ачольваў манастыр, цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам. Яго падазраюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — аб распальваньні міжрэлігійнай варожасьці, а таксама аб апраўданьні расейскай агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны. Вернікі УПЦ МП усё яшчэ спадзяюцца адстаяць свае храмы на тэрыторыі дзяржаўнага гістарычнага запаведніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Суд у Кіеве адправіў мітрапаліта УПЦ Паўла пад хатні арышт. Тлумачым, што адбылосяУ Львове падпалілі храм грэка-каталікоў
Уваскрэсеньне Хрыста ў гэтыя ж дні адзначаюць і вернікі Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы. Яе вернікі ў Львове, калі шлі на службу раніцай 14 красавіка, пабачылі, што нехта спрабаваў падпаліць іхны храм. Выратавалі толькі пажарныя службы, якія апэратыўна прыехалі на месца і патушылі агонь.
Каля гэтай царквы ў 2001 годзе ў часе свайго візыту ў Львоў Папа Рымскі Ян Павал II сустракаўся з моладзьдзю.
«Гэта мог зрабіць толькі люты вораг нашага народу. Усіх вінаватых абавязкова знойдуць. Яны мусяць панесьці адказнасьць», — заявілі абласныя ўлады.
Камэнданцкага часу не скасуюць
Велікодныя службы пачнуцца апоўначы, якраз у той час, калі ва Ўкраіне дзейнічае камэнданцкі час. Яго крыху скарацілі, але не скасавалі, бо не выключаюць, што расейскія войскі могуць пачаць ракетныя атакі.
Улады рэкамэндуюць вернікам прыходзіць у цэрквы або да пачатку камэнданцкага часу і заставацца там да яго заканчэньня, або глядзець службы на жывых трансьляцыях. Іх робяць усе цэрквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Колішні баец ПВК «Вагнэр» пазнаў сваіх таварышаў на відэа жорсткага забойства ўкраінскага палоннагаСлужбы адбудуцца ў 13 тысячах храмаў
Грамадзкі парадак у сьвяточныя і выходныя дні будуць забясьпечваць больш як 17 тысяч паліцыянтаў, ратавальнікаў і нацгвардзейцаў.
«Наша галоўная задача — гарантаваць публічную бясьпеку і парадак з улікам тэрарыстычных атак, а таксама правакацый, якія магчымыя з боку ворага», — паведаміў выканаўца абавязкаў кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Іван Выгіўскі.
Паводле яго, каля цэркваў таксама будуць працаваць выбухатэхнікі і кінолягі, якія будуць правяраць храмы і прылеглую тэрыторыю на наяўнасьць выбуханебясьпечных прадметаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Два беларускія сьвятары, якія выехалі з краіны празь перасьлед, перайшлі пад юрысдыкцыю КанстантынопалюВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.