Протадыякан менскага сабору пайшоў добраахвотнікам на вайну супраць Украіны. Яго на гэта дабраславіў мітрапаліт Веньямін.

Сабор Пятра і Паўла, Менск, 2020 год

Протадыякан менскага Петрапаўлаўскага сабору на Нямізе Максім Логвінаў пайшоў добраахвотнікам на вайну супраць Украіны. Яго на гэта дабраславіў мітрапаліт Веньямін.

Пра гэта расказаў ягоны бацька сьвятар Андрэй Логвінаў з Кастрамы — у размове з духоўнікам Сьвята-Елізавецінскага манастыра протаярэем Андрэем Лемяшонкам.

Як зьвяртае ўвагу тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія: не вайне!», у кастрычніку 2022 году протадыякан Максім прыехаў у родную Кастраму, каб зрабіць сабе прапіску ў доме бацькі. Пасьля гэтага ён адразу пайшоў у ваенкамат і запісаўся добраахвотнікам для ўдзелу ў вайне Расеі супраць Украіны.

Паводле Андрэя Логвінава, на ўдзел у вайне супраць Украіны ягонага сына благаславіў мітрапаліт Менскі Веньямін. Акрамя таго, заўважае «Хрысьціянская візія», правячы архірэй указаў протадыякану Максіму даваць сьвятое прычасьце расейскім вайскоўцам і надзяліў яго выключным правам прымаць споведзі — але паведамляючы імёны самому мітрапаліту ў Менск, каб той мог прачытаць «дазвольную малітву».

Паведамляецца, што ў дні Страснога тыдня і на сьвята Вялікадня протадыякан Максім будзе служыць у Петрапаўлаўскім саборы — ён прыехаў у Менск у адпачынак.

  • 48-гадовы протадыякан Максім Логвінаў — намесьнік старшыні Сынадальнага аддзелу па справах моладзі Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы. Узначальваў вайскова-патрыятычнае брацтва ў гонар сьв. Даўмонта Пскоўскага, што дзейнічае пры Петрапаўлаўскім саборы. Выхаванцы ягонага брацтва выяжджалі на трэніроўкі. У 2015 годзе протадыякан Максім праводзіў зьлёт праваслаўнай моладзі на «лініі Сталіна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

БПЦ забараніла ў служэньні сьвятароў Кухту і Роя, якія перайшлі ў юрысдыкцыю Канстантынопалю. Што гэта значыць?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У мяне ўжо была алергія на слова „духоўнасьць“». Вялікая гутарка са сьвятаром Георгіем Роем

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Дык, можа, вы, сьвяты айцец, партыйны?». Каму і чаму боязна крытыкаваць Беларускую праваслаўную царкву

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

СМІ: мітрапаліт Ануфрый і дзясяткі сьвятароў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату маюць расейскае грамадзянства