Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БПЦ забараніла ў служэньні сьвятароў Кухту і Роя, якія перайшлі ў юрысдыкцыю Канстантынопалю. Што гэта значыць?

абноўлена

Беларускія сьвятары Аляксандар Кухта і Георгі Рой, якія перайшлі з БПЦ у юрысдыкцыю Ўсясьветнага патрыярхату. Каляж
Беларускія сьвятары Аляксандар Кухта і Георгі Рой, якія перайшлі з БПЦ у юрысдыкцыю Ўсясьветнага патрыярхату. Каляж

Неўзабаве беларускія праваслаўныя сьвятары Аляксандар Кухта і Георгі Рой адправяць у Вільні велікодную службу для праваслаўных беларусаў.

Мітрапаліт Менскі Веньямін ад 6 красавіка 2023 года забараніў у служэньні клірыка Менскай япархіі ярэя Аляксандра Кухту.

Забарону наклалі ў сувязі з пакіданьнем айцом Аляксандрам «вызначанага яму месца свяшчэннаслужэньня і самавольнага, бязь ведама эпархіяльнага архіярэя і адпускной граматы, пераходу ў юрысдыкцыю Ўсяленскага патрыярхату», паведамляе БПЦ.

30-гадовы ярэй Аляксандр Кухта — папулярны праваслаўны відэаблогер Беларусі, аўтар канала «Батюшка ответит» з 47 тысячамі падпісчыкаў.

Горадзенскі япіскап Антоній 10 красавіка 2023 года за «грэбаваньне дабраславеньнем кіроўнага архірэя, якое праявілася ў непрыбыцьці без тлумачэньняў да месца камандзіроўкі», а таксама за пераход у юрысдыкцыю Канстанцінопальскага патрыярхату фармальна адклікаў айца Георгія Роя з камандзіроўкі і забараніў у служэньні бяз права нашэньня сьвятарскага адзеньня і крыжа тэрмінам на адзін год, заклікаўшы яго да пакаяньня.

«Хрысьціянская візія»: сьвятары маюць права служыць далей

Ініцыятыва «Хрысьціянская візія» патлумачыла сытуацыю з гэтымі рашэньнямі БПЦ:

«Для Канстанцінопаля і ўсіх, хто прызнае яго (усе памесныя цэрквы, акрамя РПЦ), яны зьяўляюцца дзейнымі сьвятарамі. З 6 красавіка 2023 г. сьвятары Георгі Рой і Аляксандар Кухта былі прынятыя ва Ўсясьветны патрыярхат, знаходзяцца ў непасрэдным падпарадкаваньні патрыярха Варфаламея. Значыць, ён цяпер і зьяўляецца іхным непасрэдным царкоўным кіраўніком.

Рашэньні япіскапаў БПЦ аб забароне на сьвятароў, якія перайшлі, не распаўсюджваюцца ні кананічна, ні фактычна. Яны могуць працягваць адпраўляць богаслужэньні і працаваць зь вернікамі».

Раней стала вядома, што беларускіх сьвятароў Аляксандра Кухту і Георгія Роя прынялі ва Ўсясьветны патрыярхат, паведаміў тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія».

Протаярэй Георгі Рой і ярэй Аляксандар Кухта — сьвятары Беларускай праваслаўнай царквы, вымушаныя выехаць зь Беларусі ў Літву, бо ўлады іх перасьледавалі за стаўленьне да беларускага палітычнага крызісу і расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Яны зьвярнуліся да патрыярха Канстантынопальскага Варфаламея з просьбай прыняць іх пад ягоны амафор, бо зь меркаваньняў сумленьня не маглі заставацца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату.

Напярэдадні Дабравешчаньня Ўсясьветны патрыярх разгледзеў прашэньні беларускіх сьвятароў і прыняў іх пад свой амафор.

Беларускія сьвятары атрымалі роўныя правы ў Літве

Усясьветны патрыярх Варфаламей падчас нядаўняга візыту ў Вільню падпісаў з прэм’ер-міністрам Інгрыдай Шыманіце пагадненьне, якое прадугледжвае канкрэтныя крокі для інстытуцыялізацыі ў краіне структураў Сусьветнага патрыярхату. Клірыкі Сусьветнага патрыярхату ў Літве атрымаюць такі самы праўны статус, як і сьвятары іншых традыцыйных канфэсіяў Літвы.

Пры падпісаньні пагадненьня прэмʼер-міністар Інгрыда Шыманіце, сярод іншага, не абышла ўвагай беларусаў, адзначыўшы, што «магчымасьць вызнаваць сваю веру без канфлікту з сумленьнем важная ня толькі для праваслаўных грамадзян Літвы, у тым ліку грэцкага ці ўкраінскага паходжаньня, але і для ўкраінцаў, якія ўцяклі ад разьвязанай Расеяй вайны, і для беларусаў, якія пераехалі ў Літву праз рэпрэсіі на радзіме».

У 2018 годзе Сынод Канстантынопальскага патрыярхату скасаваў грамату 1686 году аб перадачы Кіеўскай мітраполіі пад юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхату (на пэўных умовах).

У склад Кіеўскай мітраполіі на той момант уваходзіла ня толькі частка тэрыторыі сучаснай Украіны, але таксама тэрыторыя ўсёй Літвы і ўсёй Беларусі, якія ў розны час апынуліся пад сьвецкай уладай Масквы.

Такім чынам, у кананічным пляне гэтыя краіны ўжо некалькі гадоў фармальна належаць да юрысдыкцыі Ўсясьветнага патрыярхату.

Пераход сьвятароў з РПЦ у Сусьветны Патрыярхат. Што гэта значыць

Два беларускія праваслаўныя сьвятары перайшлі зь Беларускай праваслаўнай царквы, якая падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярхату, у Канстантынопальскі (Усясьветны) патрыярхат. Гэта зрабілі Аляксандар Кухта і Георгі Рой.

Пераход з адной юрысдыкцыі ў іншую, напрыклад пры зьмене месца жыхарства, — звычайная практыка, і для яе распрацавана кананічная працэдура, якая дазваляе пазьбягаць злоўжываньняў: сьвятар просіць у свайго япіскапа дакумэнт, «адпускную грамату», якая пацьвярджае, што сьвятар не знаходзіцца пад кананічнымі пакараньнямі, да яго няма прэтэнзій з боку ранейшага кіраўніцтва.

На падставе гэтай адпускной граматы сьвятара прымае новы архірэй. У РПЦ пры пераходзе ў іншую памесную царкву патрабуецца рашэньне Сыноду, нават экзарх БПЦ МП такога рашэньня прыняць ня можа, пісала «Хрысьціянская візія».

Аднак беларускія сьвятары Кухта і Рой не маглі заставацца ў Беларусі, бо ім пагражала небясьпека з боку цывільных уладаў. Крок зьмены царкоўнай юрысдыкцыі ў іхным выпадку быў маральна вымушаны. Кіраўніцтва РПЦ падтрымала вайну, і для некаторых сьвятароў гэта з маральных прычын не дае магчымасьці заставацца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату і асацыяваць сябе зь ім.

Акрамя таго, Маскоўскі патрыярхат знаходзіцца ў зацяжным канфлікце з Усясьветным патрыярхатам. Раней Масква спыніла эўхарыстычныя зносіны з Канстантынопалем, таму ў рамках звычайнай працэдуры перайсьці з адной юрысдыкцыі ў другую ў гэты момант немагчыма.

Усясьветны патрыярхат — першы сярод роўных у структуры памесных праваслаўных цэркваў, ён выступае як найвышэйшая апэляцыйная інстанцыя, таму ў выключных выпадках можа скарыстацца правам прымаць сьвятароў у сваю юрысдыкцыю без адпускной граматы. Гэтак адбылося з айцамі Кухтам і Роем.

РПЦ лічыць незаконнай любую зьмену юрысдыкцыі без захаваньня фармальнай працэдуры. Таму выдала ўказы аб забароне Рою і Кухту ў служэньні.

Але для Канстантынопаля і ўсіх памесных цэркваў, апрача РПЦ, яны дзейныя сьвятары. Усясьветны патрыярхат афіцыйна прыняў іх 6 красавіка 2023 году, і цяпер яны знаходзяцца ў прамым падпарадкаваньні патрыярха Канстантынопальскага Варфаламея.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG