Кіеў: у Расею пад выглядам аздараўленьня незаконна вывезьлі больш за 100 тысяч украінскіх дзяцей

У горадзе Гляваха Кіеўскай вобласьці пасьля расейскага абстрэлу 26 студзеня 2023. Ілюстрацыйнае фота

За незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей Міжнародны крымінальны суд выпісаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна.

Цэнтар нацыянальнага супраціву, які зьвязваюць з украінскай выведкай, паведаміў, што з пачатку 2023 году з Данецкай і Луганскай вобласьці Ўкраіны пад выглядам неабходнасьці лячэньня і аздараўленьня вывезьлі больш як 100 тысяч украінскіх дзяцей. На праграму мэдычнага агляду, які праводзяць зьвезеныя лекары, заплянавана выдзеліць 1,4 мільярда расейскіх рублёў (каля 17 мільёнаў даляраў ЗША).

«Пасьля „агляду“ пераважнай большасьці дзяцей прадпісваюць „лячэньне“ ў Расеі, ад якога бацькі ўжо ня могуць адмовіцца, бо тады ім пагражаюць адабраць бацькоўскія правы», — адзначаецца ў паведамленьні цэнтру.

Паводле цэнтру, з пачатку году ў Данецкай вобласьці «агляд» прайшлі 75 тысяч дзяцей, зь якіх 39 тысяч вывезьлі ў Расею, а ў Луганскай вобласьці з 94 тысяч у 66 тысяч дзяцей выявілі «паталёгіі» і вывезьлі на расейскую тэрыторыю.

«Пры гэтым зафіксаваныя факты, калі лекары патрабуюць у бацькоў грошы, каб не выяўляць паталёгію», — адзначаецца ў паведамленьні.

17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў Расеі Марыі Львовай-Бяловай.

МКС падазрае абаіх ва ўчыненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўных дэпартацый і перамяшчэньня насельніцтва, у прыватнасьці дзяцей, з акупаваных тэрыторый Украіны. Міжнароднае права можа расцэньваць гэта як генацыд. На сайце суду адзначана, што існуюць разумныя падставы лічыць, што Пуцін нясе асабістую адказнасьць за гвалтоўныя перамяшчэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна

У лютым 2023 году Лябараторыя гуманітарных дасьледаваньняў (HRL) Ейльскай школы грамадзкай аховы здароўя апублікавала дасьледаваньне, у якім адзначалася, што Расея незаконна перамясьціла на сваю тэрыторыю ня менш за 6 тысяч украінскіх дзяцей у цэнтры для перавыхаваньня і ўсынаўленьня ў акупаваным Расеяй Крыме і на мацерыковай частцы Расеі. Экспэрты HRL ідэнтыфікавалі 43 такія цэнтры, у якіх утрымлівалі дзяцей, вывезеных Расеяй з Украіны пасьля ўварваньня 24 лютага 2022 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі стварылі 43 лягеры для «перавыхаваньня» незаконна вывезеных з Украіны дзяцей

У пачатку 2023 году ўкраінскія ўлады заяўлялі, што Расея незаконна вывезла з Украіны каля 150 тысяч дзяцей.