Супрацоўнік КДБ: «Сустрэча з Геніюш памяняла мой лёс». У Празе ўспаміналі выбітную беларускую паэтку

Плякат да выставы ў Празе, прысьвечанай Ларысе Геніюш

Нацыянальная бібліятэка і Славянская бібліятэка ў Празе сумесна з суполкай беларусаў Чэхіі «Скарына» зладзілі выставу «Толькі ў Чэхіі я была цалкам беларускай» і вечарыну, прысьвечаную Ларысе Геніюш, прымеркаваную да 40-й гадавіны яе адыходу з жыцьця.

У залі старажытнага будынка Нацыянальнай бібліятэкі сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасьці пры ўрадзе Чэскай Рэспублікі, сябра Рады БНР Алена Коварава на пачатку імпрэзы зазначыла, што ў сучаснай Беларусі немагчыма публічным чынам ушанаваць памяць выдатнай паэткі, але можна зрабіць гэта ў Празе, у сталіцы Чэхіі, дзе Ларыса Геніюш пражыла крыху больш за дзесяць гадоў, насычаныя падзеямі і творчасьцю.

Перакладчыца Вераніка Бяльковіч, унук паэткі Міхась Геніюш і вядоўца імпрэзы Алена Коварава

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выгнала з хаты Караткевіча, не хацела быць полькай, ня мела савецкага грамадзянства. Споўнілася 40 гадоў з дня сьмерці Ларысы Геніюш

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў наведваў Ларысу Геніюш у Зэльве — па яго словах, зь сябрамі паміж сабой яны называлі паэтку «бабуляй», у мэтах кансьпірацыі (Геніюш была пад пільным наглядам дзяржбясьпекі).

«Нязломная грамадзянка БНР і непахісны маральны аўтарытэт — такой яны была для нас, — прыгадвае Арлоў. — Кожная паездка да яе была важным крокам у асэнсаваньні і ўсьведамленьні Беларусі. „А што б зрабіла бабуля?“ — пытаўся я, дый ня толькі я, калі ўзьнікалі складаныя сытуацыі. Думаю, што сёньня шмат хто задае сабе такое пытаньне, бо лёс Геніюш — красамоўнае пацьверджаньне, што чалавек можа выстаяць у супрацьстаяньні з тыраніяй».

Кіраўнік аддзелу дасьледаваньняў Інстытуту таталітарызму, гісторык Пэтр Главачэк назваў Ларысу Геніюш «люстэркам ХХ стагодзьдзя»: «Яна паказала прыклад, як жыць у часы тыраніі, захоўваючы і хрысьціянскі, і грамадзянскі гонар».

Гісторык Пэтр Главачэк

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такая Ларыса Геніюш, помнік якой скралі ўначы. І чаму яна дасюль нязручная для ўладаў

Унук Ларысы Геніюш Міхась расказаў пра свае ўражаньні ад бабулі. Да пэўнага часу ён яе ўспрымаў менавіта як бабулю, да якой мог прыяжджаць у госьці з Польшчы раз на два гады (часьцей не дазвалялі савецкія ўлады).

«Калі мне стала вядома, колькі паважаных людзей называлі яе „бабуляй“, колькі прыйшло і прыехала на пахаваньне, я зразумеў, што яна ня проста мая бабуля», — кажа Міхась Геніюш. Праўда, праводзіць бабулю ў апошні шлях улады яму не дазволілі: на пахаваньне паехалі бацькі Міхася і ягоны малодшы брат: «Нам сказалі — досыць і траіх, чацьвёрты лішні».

Міхась Геніюш, унук паэткі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Непахісныя». Дакумэнтальны фільм Свабоды пра Ларысу Геніюш

Прыгадаў спадар Міхась і эпізод, які адбыўся падчас прэзэнтацыі зборніка дзіцячых вершаў Ларысы Геніюш «Унукам», які быў выдадзены ў 2018 годзе Глебам Лабадзенкам. У залі сядзеў мужчына, які папрасіў слова пад канец імпрэзы. Ён сказаў, што ў свой час працаваў у «органах» (відавочна, у КДБ) і мусіў сачыць за Янкам і Ларысай Геніюшамі. Аднойчы ён дапамог паэтцы данесьці вёдры з вадой, Геніюш запрасіла яго дахаты, пачаставала, падаравала кніжку. «Я зразумеў, што гэта зусім іншы чалавек — добры, высакародны. Гэтая сустрэча паўплывала на ўсё маё жыцьцё!» — сказаў былы супрацоўнік органаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Унук Ларысы Геніюш пра зьнікненьне помніка ў Зэльве: «Стаяў 20 гадоў, нікому не перашкаджаў»

У часе імпрэзы, прысьвечанай Ларысе Геніюш

На вечарыне гучалі вершы Ларысы Геніюш у арыгінале і па-чэску, у перакладзе Макса Шчура, прысутныя маглі пазнаёміцца з экспазыцыяй, у якой былі сабраныя ў тым лікуе і прыжыцьцёвыя творы паэткі, а таксам набыць адно з апошніх выданьняў — кнігу, перакладзеную на чэскую мову Сьвятланай Вранавай.

Кніга Ларысы Геніюш, падпісаная сьпеваку Міхасю Забэйду-Суміцкаму

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Зэльве 40 гадоў таму разьвітваліся з Ларысай Геніюш. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра сілавы пераварот, чым Геніюш замінае «ябацькам» і хто вінаваты ў вайне — Пуцін ці народ Расеі