Ва Ўкраіне назвалі апошнія лічбы ахвяраў расейскай акупацыі часткі Кіеўскай вобласьці ў 2022 годзе

Горад Барадзянка Кіеўскай вобласьці пасьля расейскай акупацыі. Сакавік 2022 году

Назвалі таксама колькасьць расейскіх вайскоўцаў, якія ўварваліся на ўкраінскую тэрыторыю зь Беларусі.

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ў Кіеўскай вобласьці Андрэй Небытаў заявіў, што па выніках расейскай акупацыі часткі Кіеўскай вобласьці, якая працягвалася з 24 лютага да 31 сакавіка 2022 году, завялі 11 433 крымінальныя справы супраць расейскіх вайскоўцаў і ўкраінскіх калябарантаў.

«Большасьць іх завялі на падставе артыкула 438 аб парушэньні звычаяў і законаў вядзеньня вайны, але былі і такія злачынствы, як прадугледжаныя артыкулам 110 (замах на тэрытарыяльную цэласнасьць) — 526 злачынстваў», — сказаў Андрэй Небытаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне адзначаюць год вызваленьня ад расейскай акупацыі Кіеўшчыны, дзе загінуў першы беларускі добраахвотнік

Паводле яго, за час расейскай акупацыі загінулі 1374 цывільныя ўкраінцы.

«Зь іх 717 грамадзян былі забітыя з стралковай зброі, то бок большасьць грамадзян расстралялі сьвядома, 340 грамадзян загінулі ад выбухова-мінных раненьняў, і ў 317 асобаў прычыну сьмерці не змаглі вызначыць праз тое, што целы расклаліся», — удакладніў ён.

Андрэй Небытаў дадаў, што дагэтуль не змаглі апазнаць 195 целаў, а 279 грамадзян лічацца зьніклымі бязь вестак. Сярод загінулых — 28 дзяцей, у тым ліку 10 дзяўчынак і 28 хлопчыкаў ва ўзросьце ад 6 месяцаў да 17 гадоў. Яшчэ 43 дзіцяці атрымалі раненьні.

Першы намесьнік міністра абароны Ўкраіны Аляксандар Паўлюк у інтэрвію ўкраінскаму выданьню РБК-Україна паведаміў, што зь беларускай тэрыторыі ва Ўкраіну ўварваліся «70 тысяч расейскіх вайскоўцаў і 7 тысяч бронемашын».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сотні тысяч загінулых цывільных і вайскоўцаў, зьнішчаныя школы і тэатры. Лічбы году расейскай вайны ва Ўкраіне

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.