Мінабароны Беларусі расказала, як рыхтуюць салдатаў на палігонах у рамках рэгіянальнай групоўкі войскаў

Вайсковы лягер на палігоне «Обуз-Лясноўскі», 6 студзеня 2023

Навучаньнем і падрыхтоўкай падразьдзяленьняў рэгіянальнай групоўкі войскаў займаецца больш за 500 беларускіх інструктараў, заявіў начальнік галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі Узброеных сіл Аляксандар Бас.

Паводле яго, для падрыхтоўкі задзейнічалі шэраг беларускіх палігонаў і ўчасткаў мясцовасьці.

«Сам працэс падрыхтоўкі заснаваны на практыцы вядзеньня баявых дзеяньняў у ходзе спэцыяльнай ваеннай апэрацыі, мы адаптуем гэты досьвед і прымяняем для навучаньня асабовага складу, які ўваходзіць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў», — заявіў Аляксандар Бас, якога цытуе прэс-служба Мінабароны.

Спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй улады і прапагандысты ў Расеі і Беларусі называюць поўнамаштабную вайну Расеі супраць Украіны, якой дапамагаюць беларускія ўлады.

Вайскоўцаў, паводле Баса, рыхтуюць як па асобных спэцыяльнасьцях, так і дзейнічаць у складзе малых груп. Акцэнты робяць на «ўзаемазаменнасьць, валоданьне большасьцю відаў узбраеньня, вядзеньне баявых дзеяньняў на любой мясцовасьці, у тым ліку ў гарадзкіх умовах, з выкарыстаньнем дронаў розных тыпаў і іншых сучасных узораў узбраеньня, вайсковай і спэцтэхнікі».

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі пачынаецца тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў»
  • 10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў аб дамоўленасьці з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.
  • У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.
  • Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хаця беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларускі Гаюн»: тры расейскія самалёты МіГ-31К, здольныя несьці гіпэргукавыя ракеты «Кінжал», вылецелі зь Беларусі ў Расею