Злучаныя Штаты абвясьцілі пра новы пакет ваеннай дапамогі для Ўкраіны. Яго агульная сума складзе 2,6 мільярда даляраў.
Як паведамілі ў амэрыканскім Міністэрстве абароны, у гэты пакет, сярод іншага, увойдзе багата боепрыпасаў для рэактыўных сыстэм залпавага агню HIMARS, а таксама звычайных артылерыйскіх снарадаў.
Неадкладная дапамога ўключае супрацьтанкавыя сыстэмы, стралковую зброю, транспартныя сродкі для цяжкага абсталяваньня і сродкі тэхнічнага абслугоўваньня, перадае Associated Press. У сувязі з рашэньнем аб новай партыі дапамогі агенцтва адзначае падрыхтоўку УСУ да вясновага наступу супраць расейскай арміі, якая ўварвалася ў краіну.
У пакет таксама ўваходзяць боепрыпасы для комплексаў паветранай абароны Patriot і NASAMS, ракеты для баявых машын пяхоты Bradley. Большая частка дапамогі — на 2,1 мільярда — прадастаўляецца ў рамках Ініцыятывы спрыяньня бясьпецы Ўкраіны (USAI). З гэтых сродкаў аплочваецца закуп абсталяваньня для абароннай прамысловасьці. Астатнія 500 мільёнаў — гэта боепрыпасы і тэхніка, якія бяруцца з існуючых амэрыканскіх запасаў, а значыць, яны паступяць на фронт раней.
«Мы вельмі шануем усё, што зрабілі Злучаныя Штаты, асабліва за апошні месяц, каб дапамагчы нашым войскам падрыхтавацца да контранаступу», — заявіў кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітро Кулеба ў штаб-кватэры NATO ў Брусэлі перад сустрэчай зь дзяржсакратаром Энтані Блінкенам. Сам Блінкен у камэнтары падкрэсьліваў, што перададзенае ўзбраеньне і абсталяваньне Ўкраіна выкарыстоўвае для самаабароны.
З моманту пачатку поўнамаштабнага расейскага збройнага ўварваньня ва Ўкраіну ў канцы лютага 2022 году агульны аб’ём амэрыканскай дапамогі Кіеву ў сфэры бясьпекі перавысіў 35 мільярдаў даляраў. Амэрыканскія ўлады падкрэсьліваюць, што гатовыя падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца.