Некалькі беларускіх банкаў пераводзяць разьлікі па картках Mastercard з эўра на юані

Манэта ў 1 юань і банкнота ў 100 юаняў з партрэтам Мао Цзэдуна

Беларускія банкі пачынаюць пераводзіць разьлікі па картках Mastercard з эўра на юані.

Пра гэта паведамляе партал Зеркало.

Пра перавод некаторых разьлікаў з эўра ў юані паведамілі «Белгазпрамбанк», «БНБ-Банк» і «Альфа Банк». Напрыклад, у «Белгазпрамбанку» зьмены закранулі разьлікі па картках Mastercard за мяжой і куплі ў замежных крамах, а таксама апэрацыі ў замежнай валюце ў апаратах іншых банкаў.

У «БНБ-Банку» новая валюта будзе выкарыстоўвацца пры разьліку за тавары ці паслугі, кошт якіх заяўлены ў валюце, адрознай ад валюты рахунку карткі. Сума будзе канвэртавацца ў юані на дату і час апэрацыі, а потым яна будзе канвэртавацца зь яе ў валюту рахунку карткі па курсе банку на дату і час адлюстраваньня апэрацыі па рахунку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Долю эўра ў валютным кошыку Беларусі зойме расейскі рубель. Тлумачым, што гэта значыць

Такія зьмены зьвязаныя з санкцыямі, уведзенымі адносна Беларусі, адзначае старшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна.

Раней валютай разьлікаў па Mastercard быў эўра, а па Visa — даляр. Цяпер гэтыя варыянты банкам не заўсёды зручныя і даступныя з прычыны санкцый. У выніку яны шукаюць, як спрасьціць працэс правядзеньня транзакцыі. Акрамя гэтага, у Беларусі зьніжаецца значнасьць эўра — як у абароце, гэтак і ў разьліках.

Экспэртка адзначае: кліенты могуць сутыкнуцца з падвойнай канвэртацыяй, што будзе ім нявыгадна.

— Дапусьцім, у чалавека ёсьць картка Mastercard у беларускіх рублях. Ён прыяжджае ў адну з краін эўразоны і расплачваецца гэтай карткай. У тым выпадку, калі валюта разьліку — эўра, то беларускія рублі сьпісваюцца па пэўным курсе ў эўра. Калі ж па картцы ёсьць умова канвэртацыі празь юань, то адбываецца падвойная апэрацыя пры фактычным сьпісваньні грошай, — кажа Лузгіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

​​​​​​​«Толькі ад безвыходнасьці». Ці расейскі рубель і юань заменяць у Беларусі даляры і эўра?

— Часьцяком Беларусь у такіх пытаньнях ідзе падобным шляхам, што і Расея. Там якраз ідзе арыентацыя на разьлікі ў кітайскіх юанях і адыход ад даляра і эўра. Так што такі рух цалкам чаканы і ў нас, — адзначае эканаміст.

Але хуткасьць гэтага працэсу будзе залежаць ад розных фактараў, напрыклад, ці знаходзіцца банк пад санкцыямі ці не, зь якімі кліентамі ён працуе. Напрыклад, «МТБанк» у лютым заявіў, што валютай разьлікаў з Mastercard будзе даляр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускія банкі падключацца да кітайскай «альтэрнатывы SWIFT»