«Як можна дапускаць думку, што мы ня вернемся?». У Вільні прэзэнтавалі апошні том трылёгіі «Галасы Беларусі». ФОТА

23 сакавіка ў літоўскай сталіцы прэзэнтавалі апошнюю кнігу трылёгіі «Галасы Беларусі».

«Галасы Беларусі» — трылёгія, якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе», дзе пра кожны год беларускага жыцьця, пачынаючы з 2020-га, апавядаюць сьведкі. Трэцяя яе частка прысьвечаная 2022 году, калі пачалася вайна ва Ўкраіне і рэжым Лукашэнкі падтрымаў у гэтай вайне Расею.

Пра падзеі 2022 году ў трэцім томе «Галасоў Беларусі» расказваюць беларускія палітэмігранты і тыя, хто застаўся ў Беларусі, беларусы, якія сустрэлі вайну ва Ўкраіне, і тыя, хто ўступіў ва ўкраінскае войска. Гэта дакумэнтальныя сьведчаньні людзей, якія адлюстроўваюць злом часу.

У кнізе можна знайсьці нататкі адваката Максіма Знака, расказы былой палітзьняволенай Натальлі Хершэ, запісы філёзафа Ўладзімера Мацкевіча, успаміны беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны.

Прадмову да кнігі ў вершаванай форме напісаў дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук. Музыка Лявон Вольскі зрабіў з гэтай прадмовы песьню.

Лявон Вольскі

«Ён (Аляксандар Лукашук. — РС) піша ў стылі рок-н-рольных 60-х. Напрошваецца мэлёдыя і гармонія, вельмі лёгка атрымалася», — патлумачыў Лявон Вольскі, які адкрыў прэзэнтацыю кнігі ў Вільні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лявон Вольскі засьпяваў «Калыханку» на словы Аляксандра Лукашука. ВІДЭА

Фрагмэнты кнігі «Галасы Беларусі» агучылі лідэрка дэмакратычнай Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, старшыня рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла ды іншыя, што стала часткай адмысловай відэапрэзэнтацыі.

Your browser doesn’t support HTML5

Вядомыя беларусы чытаюць урыўкі з апошняга тому трылёгіі «Галасы Беларусі»

Укладальнік і рэдактар кнігі Сяргей Дубавец падчас выступу ацаніў падзеі 2020 году ў Беларусі і іх вынік для Беларусі.

«Калі б у 1980-я не хадзіла моладзь і не падымала сьцяг, то не было б і 2020 году. Тое, што ў 2020 годзе людзі выходзілі нават у вёсках, даказала, што ёсьць нацыя. У 2020 годзе беларусы чарговы раз пераканаліся, што яны ёсьць, і ёсьць каму быць на беларускай зямлі.

Сёньня — поўны абсурд і ў беларускай уладзе, і ў Расеі. Людзі, якія сядзяць у турмах, сядзяць не за злачынствы і не за саміх сябе, а за агульныя ідэалы, за якія ўсе выходзілі ў 2020 годзе, таму ўсё будзе. Ня трэба верыць у цуды, але кожны дзень рабіць добрыя, карысныя справы. Ніхто ня верыў, што распадзецца Савецкі Саюз, але ён распаўся. Так будзе і тут», — сказаў Сяргей Дубавец.

Сяргей Дубавец

Ён расказаў, што ідэя задакумэнтаваць сьведчаньні цяперашняга часу зьявілася падчас пратэстаў 2020 году.

«Тады было шмат сайтаў, шмат навінаў, а цяпер гэта ўсё кудысьці правалілася, а з кнігі гэта ўжо ніколі ня зьнікне, тым больш там усё структуравана», — дадаў Сяргей Дубавец.

Адзін з наведнікаў прэзэнтацыі — украінскі настаўнік Уладзімір зь Бярдзянску, які прыехаў на прэзэнтацыю з Коўна, дзе жыве цяпер, павітаў беларусаў і падзякаваў ім.

Украінскі настаўнік Уладзімір зь Бярдзянску

«Я прыехаў на мыліцах з Каўнаса, ад братняга ўкраінскага народу хачу перадаць прывітаньне беларускаму. Вельмі цікава вас слухаць, мне цікавая гісторыя Ўкраіны, Беларусі і Літвы. Вельмі ўдзячны беларускаму народу, бо мая цешча была з Ружанаў, усё жыцьцё жыла ў Расеі, але да 92 гадоў ведала беларускую мову. Найлепшы падарунак — гэта шаўрон палка Каліноўскага, які падарылі мне вашыя суайчыньнікі тут», — сказаў мужчына.

Наведнік прэзэнтацыі Алег, жонка якога цяпер за кратамі, выказаўся пра вяртаньне беларусаў на радзіму.

Сяргей Дубавец (зьлева) і беларус Алег

«Як можна дапускаць думку, што мы ўжо ня вернемся? Як гэта гучыць для тых, хто застаецца? Мы ня можам дазволіць сабе такой думкі, пакуль хоць адзін чалавек застаецца за кратамі», — сказаў мужчына.

Сярод прысутных на прэзэнтацыі журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч з жонкай

Мовазнаўца Вінцук Вячорка

Былая палітзьняволеная Валерыя Чарнаморцава

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе кнігі Бібліятэкі Свабоды
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўдыёкнігі Свабоды