МУС Польшчы: «Як толькі Пачобута вызваляць, назаўтра мы адкрыем пераход „Баброўнікі“»

Польшча прыпыніла працу пункту пропуску «Баброўнікі» з 10 лютага 2023 году

Міністар унутраных спраў Польшчы выступіў з заявай наконт тэрмінаў адкрыцьця памежнага пераходу «Баброўнікі» на мяжы зь Беларусьсю.

Міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі заявіў, што пераход «Баброўнікі» будзе закрыты да вызваленьня з турмы журналіста і прадстаўніка польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі Анджэя Пачобута.

«Як толькі Пачобут будзе вызвалены, на наступны дзень мы адкрыем пераход „Баброўнікі“», — сказаў Марыюш Камінскі на прэсавай канфэрэнцыі 23 сакавіка, паведаміла беларуская служба Польскага радыё.

Міністар дадаў, што «беларускаму боку высланы выразны сыгнал» у гэтым пытаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля выраку Пачобуту Польшча вырашыла закрыць памежны пераход зь Беларусьсю ў Баброўніках

Камінскі таксама падкрэсьліў, што на кожныя дзеяньні беларускага рэжыму, накіраваныя супраць Польшчы і палякаў у Беларусі, Варшава адкажа «адэкватна і цьвёрда».

Міністар унутраных спраў Польшчы паведаміў, што ведамства рыхтуе свой санкцыйны сьпіс асобаў, адказных за рэпрэсіі супраць беларускіх палякаў.

Абвастрэньне адносін паміж Польшчай і Беларусьсю

Пасьля абвяшчэньня 8 лютага прысуду актывісту польскай меншасьці журналісту Анджэю Пачобуту пачалося абвастрэньне адносінаў паміж краінамі. Польшча прыпыніла працу пункту пропуску «Баброўнікі» з 10 лютага. Апрача таго, Польшча з 21 лютага абмежавала рух беларускіх грузавых аўтамабіляў праз памежны пераход Кукурыкі — Казловічы.

Менск у адказ выслаў зь Беларусі афіцэра сувязі польскай памежнай аховы і двух супрацоўнікаў польскага консульства ў Горадні. Польшча выслала беларускага аташэ ў пытаньнях абароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польшча абмяжоўвае рух грузавікоў на апошнім дзейным пункце пропуску зь Беларусьсю