NYT: з пачатку вайны ва Ўкраіне Кітай экспартаваў у Расею бесьпілётнікаў на суму больш за $12 млн

Дрон над Кіевам, архіўнае фота

Выданьне паведамляе, што з Кітая ў Расею пастаўляюцца сотні бесьпілётнікаў, якія адразу ж адпраўляюцца ў зону баявых дзеяньняў ва Ўкраіне.

Каля 70 кітайскіх экспартэраў прадалі Расеі бесьпілётнікі 26 розных брэндаў пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня РФ ва Ўкраіну, піша газэта The New York Times.

Гаворка ідзе пра пастаўкі ў Расею дронаў і запчастак да іх на суму больш як $12 млн. Акрамя таго, кітайскія кампаніі, якія пастаўляюць бесьпілётнікі ў Расею, для абыходу санкцый выкарыстоўваюць ланцужкі кампаній-пасярэднікаў, якія могуць уключаць больш за дзясятак фірм.

«Афіцыйныя продажы, праўдападобна, — толькі частка шырэйшага патоку тэхналёгій, якія прадаюцца празь неафіцыйныя каналы і іншыя прыязныя Расеі краіны, такія як Казахстан, Пакістан і Беларусь», — адзначае NYT.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі штабныя трэнаваньні будуць праводзіцца з улікам досьведу вайны ва Ўкраіне

У выніку ў Расею стабільна пастаўляюцца сотні бесьпілётнікаў разнастайных мадэляў, якія адразу ж адпраўляюцца ў зону баявых дзеяньняў ва Ўкраіне.

Адмысловую праблему для ўраду Злучаных Штатаў становіць кампанія DJI, адзін з найбуйнейшых кітайскіх вытворцаў. Продажы бесьпілётнікаў гэтай кампаніі ў Расею працягваюцца.

Другой па абʼёме продажаў дронаў у Расею стала фірма Autel, кітайскі вытворца БПЛА з даччынымі кампаніямі ў ЗША, Нямеччыне і Італіі. За год поўнамаштабнага ўварваньня экспартэры прадалі дроны Autel амаль на $2 млн, прычым апошняя партыя была адгружаная ў лютым 2023 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выведка Вялікай Брытаніі: памілаваньне вагнэраўцаў, якія ваявалі ва Ўкраіне, стане сур’ёзнай праблемай для грамадзтва Расеі

У той жа час прадстаўнікі DJI і Autel адмаўлялі факты прамых продажаў сваёй прадукцыі ў Расею. На думку апытаных NYT экспэртаў, найлепшым выйсьцем стане прыраўноўваньне кітайскіх дронаў да тавараў падвойнага прызначэньня:

«Нават адносна малыя пастаўкі бесьпілётнікаў на суму $12 млн могуць істотна зьмяніць ход падзей на перадавой. Мы вярнуліся да вайны ў прамысловых маштабах. Расея і Ўкраіна цяпер ставяцца да бесьпілётнікаў гэтак жа, як да артылерыйскіх снарадаў, бо той, у каго лепшая матэрыяльна-тэхнічная база БПЛА, мае відавочную перавагу на полі бою», — адзначыў Коўл Розэнтрэтэр, выканаўчы дырэктар канадзкага вытворцы бесьпілётнікаў Pegasus.

Раней Der Spiegel пісаў, што Расея вядзе перамовы з Кітаем пра пастаўкі дронаў-камікадзэ. Кампанія Xiʼan Bingo Intelligent Aviation Technology, па дадзеных выданьня, пагадзілася вырабіць і выпрабаваць 100 ударных бесьпілётнікаў ZT-180, якія могуць быць пастаўленыя да красавіка 2023 году. Кітайскі вытворца плянуе адпраўляць у Расею кампанэнты і тэхналёгіі для самастойнага вырабу бесьпілётнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мінабароны Ўкраіны паведаміла аб зьнішчэньні крылатых ракет на поўначы Крыму

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.