Мінабароны Ўкраіны паведаміла аб зьнішчэньні крылатых ракет на поўначы Крыму

Дым ад выбуху боепрыпасаў у Джанкойскім раёне, 16 жніўня 2022

Крылатыя ракеты «Калібр-КН» зьнішчылі ў Джанкоі, калі іх транспартавалі на базу Чарнаморскага флёту РФ.

Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла ў 20 сакавіка, што ў выніку выбуху ў Джанкоі на поўначы Крымскага паўвострава былі зьнішчаны расейскія крылатыя ракеты, прызначаныя для выкарыстаньня Чарнаморскім флётам РФ.

«Выбух у горадзе Джанкой на поўначы часова акупаванага Крыма зьнішчыў расейскія крылатыя ракеты „Калібр-КН“ пры іх перавозцы па чыгунцы», — заявілі ў галоўным упраўленьні выведкі міністэрства.

У паведамленьні, апублікаваным у сацсетках, гаворыцца, што ракеты, прызначаныя для запуску з надводных караблёў Чарнаморскага флёта РФ, маюць далёкасьць дзеяньня больш за 2500 кілямэтраў на сушы і 375 кілямэтраў на моры.

Ігар Івін, прызначаны Масквой кіраўнік адміністрацыі Джанкоя, заявіў, што на горад напалі бесьпілётнікі, у выніку абстрэлу 33-гадовы мужчына атрымаў асколачнае раненьне. Ён быў шпіталізаваны, яго стан ацэньваецца як стабільны.

Як паведаміла расейскае дзяржаўнае інфармагенцтва ТАСС з спасылкай на Івіна, у выніку атакі загарэліся дом, школа і прадуктовая крама, былі пашкоджаныя электрасеткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Крыме рыюць акопы. Раней Крэмль гэта адмаўляў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Каля Джанкою працягваюцца выбухі боепрыпасаў. Акупацыйныя ўлады Крыму залучаюць авіяцыю для тушэньня пажару