Украінская выведка: на тэрыторыі Беларусі застаецца 4 тысячы мабілізаваных расейцаў, якія праходзяць навучаньне

Камандуючы Аб’яднаных сіл Узброеных сіл Украіны Сяргей Наеў

«Цяпер вайсковую інфраструктуру Беларусі — палігоны, палявыя навучальныя цэнтры і гэтак далей — Расея выкарыстоўвае як месцы падрыхтоўкі, зладжваньня і аднаўленьня асабовага складу».

Камандуючы Аб’яднаных сіл Узброеных сіл Украіны Сяргей Наеў, які ажыцьцяўляе кіраўніцтва войскам на паўночных межах Украіны, заявіў, што ў Беларусі на вучэньнях знаходзіцца яшчэ больш як 4 тысячы расейскіх мабілізаваных.

«Цяпер наземны расейскі кампанэнт налічвае больш за 4 тысячы асобаў — гэта пераважана мабілізаваныя грамадзяне Расеі, якія праходзяць трохмесячны курс падрыхтоўкі ў складзе падразьдзелаў тэрытарыяльных войскаў Расеі пад кіраўніцтвам беларускіх інструктараў. Далей гэтыя мабілізаваныя перамяшчаюцца назад у Расею для вядзеньня баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны», — сказаў Сяргей Наеў у інтэрвію ўкраінскаму выданьню РБК-Україна.

Апроч таго, паводле яго, яшчэ з кастрычніка мінулага году Расея разьмясьціла 9 тысяч сваіх вайскоўцаў на падставе рашэньня аб разгортваньні ў Беларусі рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы.

Сяргей Наеў падкрэсьліў, што вайсковае кіраўніцтва дэтальна вывучае пытаньне магчымага паўторнага наступу з тэрыторыі Беларусі.

«Па стане на сёньня можна канстатаваць, што ўдарных варожых фармаваньняў з боку Беларусі ня выяўлена. Цяпер вайсковую інфраструктуру Беларусі — палігоны, палявыя навучальныя цэнтры і гэтак далей — Расея выкарыстоўвае як месцы падрыхтоўкі, зладжваньня і аднаўленьня асабовага складу», — дадаў камандуючы Аб’яднаных сіл Узброеных сіл Украіны.

Сяргей Наеў удакладніў, што сфармаваныя на тэрыторыі Беларусі расейскія падразьдзелы адпраўляюцца эшалёнамі на ўсход і поўдзень Украіны.

«Падразьдзелы Беларусі, якія дысьлякаваныя ўдоўж украінскай мяжы, ударнага патэнцыялу ня маюць і могуць ажыцьцяўляць толькі абаронныя апэрацыі ўласнай мяжы. Цяпер баявыя здольнасьці беларускіх узброеных сіл ацэньваюцца як нізкія. Але наша выведка працягвае працу, каб своечасова выявіць зьмены ў абстаноўцы», — падкрэсьліў Сяргей Наеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна выйшла з пагадненьня зь Беларусьсю аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы

Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км на сухаземным участку, 325,9 км на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км у зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС.

Тэрыторыя побач зь дзяржаўнай мяжой цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, азярынамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большасьць якіх даўно ня дзейнічае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Супрацьтанкавыя равы, бэтонныя пліты і міны. Ва Ўкраіне паказалі, як умацавалі мяжу зь Беларусьсю 

Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай вобласьці Ўкраіна ўзмацніла ахову мяжы зь Беларусьсю. Паміж двума краінамі ўзводзіцца так званая «сьцяна», усталёўваецца відэаназіраньне, выкопваюцца супрацьтанкавыя равы, павялічылася да 2 кілямэтраў памежная замінаваная зона.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна на межах з Расеяй і Беларусьсю павялічвае плошчу паласы з асаблівым рэжымам і мяняе правы іншаземцаў на ўезд і прытулак