Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацьтанкавыя равы, бэтонныя пліты і міны. Ва Ўкраіне паказалі, як умацавалі мяжу зь Беларусьсю 


Новыя ўмацаваньні на беларуска-украінскай мяжы
Новыя ўмацаваньні на беларуска-украінскай мяжы

У Ровенскай вобласьці Ўкраіны сілы тэрытарыяльнай абароны штодня дасканаляць навыкі адбіцьця нападу з тэрыторыі Беларусі.

У прыватнасьці, у сюжэце, прадэманстраваным у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом, паказалі забарыкадаваны пункт пропуску «Гарадзішча» у Сарненскім раёне Ровенскай вобласьці. Сустрэчны пункт пропуску ў Беларусі — «Верхні Церабяжоў».

Як сьцьвярджаецца ў матэрыяле, гэта адзіная аўтамабільная дарога зь Беларусі ў Ровенскую вобласьць, і менавіта тут Украіна нарошчвае абарону.

«Мы мяркуем, што гэта асноўны кірунак іхных намаганьняў», — сказаў камандзір 104-й брыгады тэрытарыяльнай абароны Аляксандар Цысь.

Цяпер гэтую дарогу перакапалі супрацьтанкавымі равамі, перагарадзілі бэтоннымі блёкамі і замінавалі.

Беларуска-ўкраінская мяжа
Беларуска-ўкраінская мяжа

Працягласьць беларуска-ўкраінскай мяжы ў Ровенскай вобласьці 218 кілямэтраў, але большая яе частка — цяжкапраходныя ўчасткі зь лесам і балотамі.

«Ёсьць пэўныя, нязначныя ўчасткі мясцовасьці, дзе можна прайсьці невялікім групамі, але на тых кірунках у нас таксама адпаведна выпрацаваныя элемэнты», — падкрэсьліў Аляксандар Цысь.

Кіраўнік памежнага аддзелу Антон Квяткоўскі паведаміў, што на ўсім участку мяжы ўсталяваныя мінна-выбуховыя загароды, мінныя шлягбаўмы, лясныя завалы.

Але, як сьцьвярджаецца ў сюжэце, гэта тое, што можна расказаць публічна.

«Ворага чакаюць і засакрэчаныя сюрпрызы, бо непадалёк ад мяжы важны аб’ект — Ровенская АЭС. Менавіта празь яе не спыняюцца размовы аб імаверным уварваньні ворага на Ровеншчыну», — адзначаюць украінскія журналісты.

Беларуска-ўкраінская мяжа цяпер
Беларуска-ўкраінская мяжа цяпер

У той жа час старшыня Ровенскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Коваль заявіў, што пакуль няма ніводнай бачнай пагрозы рэгіёну з боку Беларусі.

МАГАТЭ пасьля расейскіх абстрэлаў 15 лістапада заявіла аб аварыйным спыненьні аднаго з чатырох блёкаў Ровенскай АЭС. Гэтая атамная электрастанцыя месьціцца прыкладна за 100 кілямэтраў ад бліжэйшага паселішча Берасьцейскай вобласьці Беларусі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG