Памочнік Мясьніковіча Дзьмітры Шадко знаходзіцца ў СІЗА КДБ

Дзьмітры Шадко

13 сакавіка СМІ паведамілі, што Дзьмітры Шадко прапаў і яго ня могуць знайсьці тры дні.

Паводле інфармацыі «Вясны», цяпер Дзьмітры Шадко знаходзіцца ў СІЗА КДБ Беларусі. Яго затрымалі ў Маскве супрацоўнікі ФСБ яшчэ 10 сакавіка. Шадко пасьпеў паведаміць калегам, што да яго прыйшлі супрацоўнікі ФСБ. Амаль адразу яго перавезьлі ў Менск.

Крыніцы «Вясны» паведамляюць, што для прыкрыцьця «шуміхі» затрыманьня памочніка старшыні Калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі, супрацоўнікі ФСБ зрабілі спэцыяльны інфармацыйны «ўкід» пра нібыта зьнікненьне Шадко. Інфармацыя пра гэта зьявілася 13 сакавіка ў праўладных расейскіх СМІ і тэлеграм-каналах. У той час Шадко ўжо быў у СІЗА КДБ, і супрацоўнікі ФСБ гэта ведалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шарль Дэ-Клэр», кіраўнік клюбу ралевікоў «Срэбны адзінарог». Што вядома пра затрыманага памочніка Мясьніковіча Дзьмітрыя Шадко

Шадко доўгі час быў зьвязаны з «ралевікамі» і час ад часу ўдзельнічаў у іхных імпрэзах — ён нібыта асабіста ведаў некаторых людзей, якіх затрымалі ў справе дывэрсіі ў Мачулішчах.

«Ралевікі» (а таксама ролевы рух, або рух ролевых гульняў) — субкультура людзей, якія гуляюць у ролевыя гульні.

Хто такі Дзьмітры Шадко

Дзьмітры Шадко нарадзіўся ў 1979 годзе ў Менску. Скончыў БДУІР і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце. Працаваў у Цэнтральным камітэце Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі, памочнікам генэральнага дырэктара, вядучым спэцыялістам ЗАТ «ТКД Юніспектр», адказным сакратаром, намесьнікам галоўнага рэдактара і галоўным рэдактарам часопіса «Планета».

У 2011 годзе Шадко стаў намесьнікам міністра інфармацыі, а празь некалькі гадоў — першым намесьнікам міністра сувязі і інфарматызацыі. Ён прабыў на гэтай пасадзе да траўня 2019 году, потым падаў у адстаўку.

Апошнім часам Шадко займаў пасаду памочніка Міхаіла Мясьніковіча, старшыні Калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі (орган Эўразійскага эканамічнага саюзу, куды ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Кіргізстан, Расея, Казахстан).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома пра затрыманьне памочніка Мясьніковіча Дзьмітрыя Шадко