Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш абмеркаваў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім пытаньне аб неабходнасьці працягу збожжавай ініцыятывы, а таксама праблему дэпартацыі Расеяй украінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый.
«Мы зацікаўленыя ў тым, каб не было голаду ў сьвеце, і наша палітыка ў тым, каб прадоўжыць калідор збожжавай ініцыятывы, і мы таксама ўздымалі пытаньне аб магчымай пралянгацыі гэтай ініцыятывы і як яе можна пашырыць. І абавязкова абмяркуем пытаньне дэпартацыі дзяцей», — сказаў Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам.
У сваю чаргу, генэральны сакратар ААН заявіў пра надзвычайную важнасьць падоўжыць Чарнаморскую збожжавую ініцыятыву, паводле якой удалося вывезьці на зьнешні рынак 23 мільёны тон збожжа.
«Дзякуючы гэтаму ўдалося зьнізіць у сьвеце цэны на харчаваньне. Індэкс харчовых цэн ФАО зьнізіўся амаль на на 20%. Экспарт украінскага, расейскага збожжа і ўгнаеньняў неабходныя для глябальнай харчовай бясьпекі», — працытавала Гутэрыша інфармацыйнае агенцтва «Інтерфакс Україна».
Уладзімір Зяленскі таксама зьвярнуў увагу Антонію Гутэрыша на неабходнасьць спыніць ядзерны шантаж з боку Расеі.
«Абмеркавалі, у прыватнасьці, бясьпеку Запароскай АЭС, якая павінна перайсьці пад украінскі кантроль», — сказаў ён.
Генэральны сакратар ААН, са свайго боку, заявіў, што дэмілітарызацыя зоны вакол Запароскай АЭС — вельмі важны аспэкт. Антонію Гутэрыш падкрэсьліў, што ААН разглядае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну як парушэньне статуту ААН і міжнароднага права.
«Сувэрэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны павінны быць захаваныя ў міжнародна прызнаных межах. Пакуль гэтага не дасягнулі, мы будзем працаваць над зьмяншэньнем пакут людзей ва Ўкраіне», — дадаў ён.
Дзеяньне збожжавай дамовы, заключанай паміж Расеяй і Ўкраінай пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны летась 22 ліпеня, заканчваецца 18 сакавіка.
Раней яе дзеяньне працягвалі на 120 дзён. Апошнім часам Расея ўсё часьцей заяўляе, што лічыць немэтазгодным падаўжаць дамову ва ўмовах санкцый супраць Расеі і абмежаваньняў на пастаўкі мінэральных угнаеньняў. У сярэдзіне лютага з боку Расеі ў Басфоры ўтварылася чарга з больш як 140 сухагрузаў, і большая іх частка там ужо больш за месяц. Кіеў зьвязаў гэта з наўмыснымі дзеяньнямі расейскіх інспэктараў, якія правяраюць сухагрузы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіеў абвінаваціў Маскву ў перашкодах «зялёнаму калідору» ў Чорным моры для вывазу ўкраінскага збожжаУкраіна — адзін з найбуйнейшых сусьветных экспартэраў збожжа. Летась з прычыны расейскага ваеннага ўварваньня ў заблякаваных чарнаморскіх партах назапасіліся мільёны тон харчаваньня. Кіеў абвінавачваў у гэтым Расею. Масква сьцьвярджала, што вадаплавы са збожжам ня могуць выйсьці з прычыны ўкраінскіх мінаў у акваторыі. ААН папярэджвала пра рызыку голаду — перш за ўсё ў бедных краінах Афрыкі і Азіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Турэччыне абвясьцілі аб падаўжэньні «збожжавай ініцыятывы» яшчэ на 3 месяцы. Украіна прапануе для яе порт у МікалаевеГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларусь згодная на транзыт украінскага збожжа «без папярэдніх умоваў», але з адной просьбайВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.