Год таму Расея пачала інтэнсіўны абстрэл Марыюпалю і заблякавала ўкраінскую гуманітарную дапамогу жыхарам гораду. Менавіта ў гэтыя дні год таму няспынныя абстрэлы Расеі прывялі да поўнай блякады ўкраінскага гораду, які застаўся безь сьвятла, вады і прадуктаў харчаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У акупаваным Расеяй Марыюпалі знайшлі яшчэ адно масавае пахаваньне ахвяраў расейскіх абстрэлаўЖурналісты агенцтва Reuters наведалі акупаваны Расеяй украінскі Марыюпаль і зьнялі, як жывуць марыюпальцы пад расейскай акупацыяй і як выглядае горад праз год пасьля блякады, руйнаваньня і захопу расейскім войскам.
У Марыюпалі цягам году знайшлі ня менш як 10,3 тысячы магіл, якія зьявіліся пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. У адной магіле можа быць пахавана па некалькі целаў. На фота, зробленым 4 лютага, — пахаваньне яшчэ ў адну масавую магілу пад Марыюпалем, у пасёлку Стары Крым, які кантралюе Расея
6 сакавіка 2022 году з Запарожжа ў Марыюпаль Данецкай вобласьці выехала першая гуманітарная калёна з прадуктамі харчаваньня і вадой для жыхароў гораду. Расея спачатку дазволіла «зялёны калідор», а потым пачала інтэнсіўны абстрэл гораду.
Расейскія войскі цалкам захапілі Марыюпаль у траўні 2022 году пасьля жорсткіх абстрэлаў і дамоўленасьці аб выхадзе ўкраінскіх абаронцаў гораду з апошніх абарончых пазыцый на прамысловай пляцоўцы заводу «Азоўсталь».
Шматпавярховы жылы дом будуюць расейскія вайсковыя будаўнікі. 10 лютага 2023 году
З траўня 2022 году дагэтуль працягваюцца перамовы пра абмен абаронцаў Марыюпалю — яны выйшлі з «Азоўсталі» і трапілі ў расейскі палон. Апошні іх абмен на расейскіх палонных адбыўся 16 лютага.
Новыя дамы будуюцца на месцы зьнішчаных у часе расейскіх абстрэлаў. Перад будоўляй новых ранейшыя пазносілі. 15 лютага 2023 году
6 сакавіка стала вядома, што міністар абароны Расеі наведаў Марыюпаль. Аднак дакладнай даты ягонай паездкі ў Данецкую вобласьць не назвалі. У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што Сяргей Шайгу «ў рамках працоўнай паездкі ў зону спэцыяльнай ваеннай апэрацыі праверыў працу Вайскова-будаўнічага комплексу Мінабароны Расеі ў аднаўленьні інфраструктуры Данбасу».
Паводле зьвестак украінскай улады, Сяргей Шайгу наведаў Марыюпаль 3 сакавіка.
Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу інспэктуе новы мэдычны цэнтар у Марыюпалі. Дата ягонага візыту невядомая. Фота апублікавана 6 сакавіка 2023 году
У Расеі паведамілі, што ў захопленым Марыюпалі пабудавалі «шматфункцыянальны мэдычны цэнтар, ратавальны цэнтар і 12 пяціпавярховых жылых дамоў».
Цяпер нібыта будуюць вялікі вадавод, які мае аб’яднаць Растоўскую і Данецкую вобласьць для забесьпячэньня гэтага рэгіёну вадой.
Могілкі ў пасёлку Стары Крым каля Марыюпалю. 4 лютага 2023 году
Паводле неафіцыйных зьвестак, у Марыюпалі за год вайны маглі загінуць да 100 тысяч жыхароў. У жніўні 2022 году ўкраінскія журналісты атрымалі інфармацыю, што ў адным з моргаў задакумэнтавалі 87 тысяч загінулых.
Праз ваенныя дзеяньні і абмежаваньні для працы прадстаўнікоў СМІ ў Марыюпалі праверыць гэтыя зьвесткі немагчыма.
Так цяпер выглядае мэталюргічны завод «Азоўсталь», разбураны ў выніку расейскіх абстрэлаў. 15 лютага 2023 году
Да вайны ў Марыюпалі пражывалі больш як 400 тысяч грамадзян. Большая частка змагла эвакуавацца ў Запарожжа і іншыя ўкраінскія гарады. Колькасьць жыхароў, якія дагэтуль застаюцца ў акупаваным Марыюпалі, невядомая. Акупацыйныя ўлады не ўдакладняюць гэтую інфармацыю.
Расейцы пафарбавалі стэлу на ўезьдзе ў Марыюпаль у колеры свайго дзяржаўнага сьцяга. 10 лютага 2023 году
Расейцы цалкам зьмянілі выгляд цэнтру гораду. Большасьць разбураных будынкаў зносяць, у тым ліку і гістарычныя аб'екты. Такім чынам, сьцьвярджае законная гарадзкая ўлада, што цяпер знаходзіцца ў Запарожжы, зьнікае рэальная гісторыя Марыюпалю.
На мясцовым рынку зьявілася шмат вайсковай амуніцыі. 16 лютага 2023 году
Цяпер выехаць з Марыюпалю магчыма толькі праз расейскую тэрыторыю. У ваколіцах гораду расейцы ствараюць пункты кіраваньня сваёй арміяй і базы вайсковай тэхнікі.
На мясцовым рынку гандлююць і мясам, але пакупнікоў вельмі мала. 16 лютага 2023 году
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.