Бэтонныя пліты, мяхі зь пяском і шыны. У Беларусі паказалі, як ахоўваюць мяжу з Украінай

Украінска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства абароны Беларусі прадэманстравала, як умацавалі памежныя пункты пропуску на мяжы з Украінай.

У відэасюжэце, падрыхтаваным «ВаенТБ, відаць, што ў пунктах пропуску з бэтонных пліт стварылі абарончы пункт, які ўмацавалі мяхамі зь пяском. Мужчынскі голас за кадрам паведамляе аб «няпростым становішчы на паўднёвых рубяжах».

На відэазапісе можна пабачыць, што ў лясной паласе пабудавалі бліндажы, умацаваныя аўтамабільнымі шынамі. У памежным населеным пункце шмат вайсковай тэхнікі, але падкрэсьліваецца, што яна мае беларускую рэгістрацыю.

У відэасюжэце паказалі, што на ўкраінскай частцы мяжы стаяць таблічкі з надпісам «Міны», а беларускі памежнік паскардзіўся на некарэктнае стаўленьне да сябе і абражальныя жэсты ад «украінскіх вайскоўцаў без знакаў распазнаваньня».

Апроч таго, паказалі, што масты ў памежжы таксама ахоўваюць узброеныя людзі і браняваная тэхніка, якая захоўваецца ў падземных сховішчах ці катляванах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На мяжы Ровенскай вобласьці ўзводзяць другую лінію ўмацаваньняў, каб прадухіліць уварваньне зь Беларусі

Як паведамляла Свабода, на тле паведамленьняў аб магчымым паўторным нападзе з боку Беларусі, украінскія памежнікі разам з вайскоўцамі Ўзброеных сіл умацавалі мяжу і памежжа — на прахадных участках пабудавалі сьцяну з дроту, замінавалі памежную паласу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Памежнікі Ўкраіны расказалі, як падчас вайны адсочваюць сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю, Малдовай і Расеяй

24 лютага Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла зьмены ў заканадаўства аб абароне дзяржаўнай мяжы, якія прадугледжваюць павелічэньне да 2 кілямэтраў плошчы памежных палос на межах зь Беларусьсю і Расеяй, а таксама ўзаконьваюць ужо збудаваныя дадатковыя фартыфікацыйныя збудаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна на межах з Расеяй і Беларусьсю павялічвае плошчу паласы з асаблівым рэжымам і мяняе правы іншаземцаў на ўезд і прытулак

У канцы лютага Ўкраіны выйшла зь міжурадавага пагадненьня зь Беларусьсю аб арганізацыі сумеснага назіраньня ў пунктах пропуску на ўкраінска-беларускай мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна выйшла з пагадненьня зь Беларусьсю аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы

Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км на сухаземным участку, 325,9 км на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км у зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС.

Тэрыторыя побач зь дзяржаўнай мяжой цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, азярынамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большасьць якіх даўно ня дзейнічае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што адбываецца на беларускіх межах. Мапа дзейных і закрытых пунктаў пропуску

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.