Мабілізаваных, якія двойчы запісвалі відэазварот да Пуціна, паслалі на штурм горада на Данбасе
Кадар зь відэазвароту мабілізаваных з палка 1439. Салдаты хавалі свае твары
Мабілізаваныя запісалі відэа, у якіх зьвярнуліся да Пуціна. Па словах вайскоўцаў, іх незаконна адправілі «на забой».
Іркуцкіх мабілізаваных, якія тройчы зьвярталіся да прэзыдэнта Расеі з просьбай перавесьці іх са штурмавых падраздзяленьняў у тэраабарону, адправілі на штурм у раёне гораду Аўдзееўкі Данецкай вобласьці. Пра гэта паведамляе «Сибирь.Реалии».
У пачатку і ў канцы лютага 2023 году мабілізаваныя з палка нумар 1439 запісалі відэа, у якіх зьвярнуліся да расейскіх уладаў і да Ўладзіміра Пуціна. Паводле вайскоўцаў, іх незаконна перадалі ў падпарадкаваньне камандаваньню так званай «ДНР», якое сфармавала зь іх штурмавыя падраздзяленьні і адправіла «на забой».
Трэці зварот перадалі ў онлайн-прыёмную вайсковай пракуратуры жонкі гэтых мабілізаваных. 26 лютага, на наступны дзень пасьля зьяўлення другога відэа вайскоўцаў, губэрнатар Іркуцкай вобласьці Ігар Кобзеў паведаміў, што зьвярнуўся па тлумачэньні ў вайсковую пракуратуру і паабяцаў, што ў найбліжэйшыя дні мабілізаваных перавядуць на новае месца службы.
На днях падобны відэазварот у вайсковую пракуратуру і Мінабароны Расеі адправілі і мабілізаваныя зь Цюменскай вобласьці. Яны паскардзіліся на тое, што іх непадрыхтаванымі адпраўляюць на лінію фронту.
Мабілізаваныя расейцы неаднаразова скардзіліся на дрэнныя ўмовы службы, недахоп амуніцыі і гвалт з боку камандаваньня. Некаторыя зь іх адмаўляліся працягваць баявыя дзеяньні ва Ўкраіне.
Раней расейская служба Бі-бі-сі паведамляла, што за апошнія тры месяцы большасьць загінулых складаюць мабілізаваныя, добраахвотнікі і зьняволеныя. Усяго з пачатку вайны журналістам удалося пацьвердзіць гібель больш як 15 тысяч расейцаў, звыш тысячі зь іх — мабілізаваныя.