Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пыталі, як далёка можа заляцець, ці купляў дадатковыя аксэсуары». Як пасьля інцыдэнту ў Мачулішчах правяраюць уладальнікаў дронаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пасьля інцыдэнту на аэрадроме ў Мачулішчах сілавікі сталі прыходзіць да людзей, у якіх ёсьць бесьпілётнікі. Уладальнікі дронаў расказалі выданьню «Зеркало», як праходзяць праверкі.

Віталь зь Менску (усе імёны суразмоўцаў зьмененыя ў мэтах бясьпекі) расказаў, што ўвечары 27 лютага яму ў дамафон сталі настойліва званіць двое мужчын у цывільным, якія прадставіліся міліцыяй. Яны спыталі, ці ёсьць у яго дрон, папрасілі паказаць, удакладнілі, дзе ён яго купіў, запісалі рэгістрацыйны нумар. Спыталі, калі ён апошні раз карыстаўся дронам і як далёка той можа заляцець.

Акрамя таго, міліцыянтаў цікавіла, ці не заказваў мужчына нейкіх дадатковых аксэсуараў да бесьпілётніка. Паводле Віталя, яму сёлета прыйшла пасылка з AliExpress, у якой былі торба і прапэлеры для дрона, і міліцыянты ведалі пра пасылку.

Паводле Віталя, дрон у яго маленькі, «нават тэлефон ня падыме». Убачыўшы гэта, сілавікі шмат пытаньняў не задавалі. Гутарка заняла хвілін дзесяць. Яго папярэдзілі, што, калі ўзьнікнуць пытаньні, зь ім зьвяжуцца.

Віталь зьяўляецца сябрам Беларускай асацыяцыі бесьпілётнай авіяцыі. Паводле яго, да іншых ягоных знаёмых пілётаў дронаў сілавікі не прыходзілі.

У той жа вечар шэсьць чалавек у цывільным прыходзілі яшчэ да аднаго менчука, Дзьмітрыя, які зь лістапада жыве ў Літве. Тэлефанавалі ў дзьверы, але ім ніхто не адчыніў. Сусед, які ў той час выйшаў на пляцоўку, патлумачыў, што Дзьмітры не ў Беларусі, і яны пайшлі.

«Навошта я ім спатрэбіўся, ён не спытаў, але мы думаем, гэта праз тое, што ў мяне ёсьць дрон», — расказвае Дзьмітры.

Камэнтуючы інфармацыю пра падрыў расейскага вайсковага самалёта ў Мачулішчах, Дзьмітры лічыць, што зрабіць такую дывэрсію «цывільным дронам» немагчыма. Так, паводле яго, у праграме кіраваньня дронамі DJI «зашытыя» зоны, куды бесьпілётнік фізычна ня можа трапіць — гэта «забароненыя зоны», над якімі дронам лятаць нельга, напрыклад аэрапорты, аэрадромы, некаторыя адміністрацыйныя будынкі.

«Нават калі ляцець невысока і нейкі час заставацца незаўважаным, пры той абароне, якая ўсталяваная ў аэрадрома, падобную дывэрсію наўрад ці зьдзейсьніш. У тых, хто гэта зрабіў, была або прылада ўласнай зборкі, або дрон DJI, для якога распрацавалі спэцыяльнае праграмнае забесьпячэньне. Каб гэта зрабіць, трэба быць спэцыялістам у гэтай галіне», — падзяліўся меркаваньнем Дзьмітры.

  • ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі на сябе ўдзельнікі пляну «Перамога».
  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньня, хоць сам Лукашэнка склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
  • Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не было.
  • Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць інфармацыю пра падрыў расейскага самалёта з дапамогай незалежных крыніц.
  • Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена надглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
  • Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей у Мачулішчах, Фаніпалі, Дзяржынску пасьля меркаванага падрыву.
  • Кіраўнік ініцыятывы былых сілавікоў ByPol Аляксандар Азараў заявіў, што нічога ня ведае чалавека зь імем Мікалай Швец, якога шукаюць сілавікі.
  • «Наша ніва» адшукала сястру падазраванага ў дывэрсіі ў Мачулішчах Мікалая Швяца. Тая паведаміла, што Мікалай Швец «ніколі ня быў у Беларусі», а 25 і 26 лютага «быў дома ва Ўкраіне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG