У Расеі паведамілі пра атаку дронамі Белгарада і Туапсэ, гарыць нафтабаза
Ілюстрацыйнае фота
Расейскія СМІ і мясцовыя ўлады паведамляюць пра атаку бесьпілётнікамі Белгарада, а таксама пажар на нафтабазе ў Туапсэ — пэўна, таксама ў выніку атакі дронаў.
У Белгарадзе ўвечары 27 лютага ўпалі некалькі бесьпілётнікаў. Спачатку аб падзеньні аднаго дрона паведамілі мясцовыя тэлеграм-каналы, потым губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў напісаў у сваім тэлеграм-канале, што знайшлі абломкі ўжо трох лятальных апаратаў.
Згодна з паведамленьнем Гладкова, у выніку атакі дронаў у некалькіх дамах выбітыя вокны, некалькі аўтамабіляў атрымалі пашкоджаньні. Людзі, паводле яго, не пацярпелі. На месцах здарэньняў працуюць спэцслужбы, прыналежнасьць бесьпілётнікаў трэба будзе ўстанавіць экспэртам.
У ноч на 28 лютага на нафтабазе ў Туапсэ ў Краснадарскім краі, на ўзьбярэжжы Чорнага мора, адбыўся пажар, паведаміла гарадзкая адміністрацыя.
Ён пачаўся на вуліцы Індустрыяльнай, дзе, паводле адкрытых зьвестак, разьмешчаны нафтаперапрацоўчы завод кампаніі «Роснефть». Мясцовыя жыхары расказалі, што чулі, як на тэрыторыі нафтабазы з розьніцай у некалькі сэкундаў адбыліся два выбухі, у выніку якіх у бліжэйшых дамах выбіла шкло.
Тэлеграм-каналы Baza і Shot сьцьвярджаюць, што нафтабазу атакавалі бесьпілётнікі, якія ўпалі за 100 мэтраў ад нафтасховішча. Паводле дадзеных выданьня Astra, пашкоджаньні атрымала бойлерная, а побач з будынкам знайшлі дзьве вырвы глыбінёй паўтара мэтра. Па дадзеных Astrа, у 30 мэтрах ад месца здарэньня знаходзіцца казарма з расейскімі вайскоўцамі.
Афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма. У гарадзкой адміністрацыі заявілі, што пажар адбыўся ў гаспадарчым будынку на тэрыторыі нафтабазы і што ён цалкам патушаны. Мясцовыя ўлады сьцьвярджаюць, што агонь не закрануў нафтавыя рэзэрвуары, разьліву нафтапрадуктаў няма, пацярпелых таксама няма. У тушэньні пажару ўдзельнічалі 32 пажарныя і 11 адзінак тэхнікі.
Белгарад — найбліжэйшы да ўкраінскай мяжы расейскі абласны цэнтар. Пасьля пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну населеныя пункты Белгарадзкай вобласьці рэгулярна абстрэльваюць, ёсьць разбурэньні і ахвяры. Расейскае кіраўніцтва прыпісвае гэтыя абстрэлы Ўзброеным сілам Украіны, украінскі бок іх не камэнтуе. З расейскіх пазыцый пад Белгарадам рэгулярна вядуцца абстрэлы Харкава і Харкаўскай вобласьці.
У пачатку лютага ў Белгарадзкай вобласьці ўзьнік буйны пажар на заводзе пасьля трапляньня снарада ў нафтабазу, якая знаходзілася побач.