Свабода пагутарыла з маладымі беларусамі, якія ў момант пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны служылі ў беларускім войску. Іх імёны зьмененыя ў мэтах бясьпекі.
«Вайну не абмяркоўвалі, толькі жартавалі і баяліся»
На 24 лютага 2022 году Раман служыў у дэсантніках ужо больш за год. Кажа, што ў ягонай частцы «асабліва не было прамываньня мазгоў».
«Па буднях мусілі глядзець беларускія навіны. Па выходных — перадачы кшталту „Арсэнал“ (дзяржаўны тэлевізійны праект, прысьвечаны беларускай арміі. — РС). На гэтым усё ў пляне ідэалягічнай працы. Памятаю, на трэці дзень вайны камандзір сказаў нам, што Зяленскі капітуляваў. Але мы мелі магчымасьць размаўляць з бацькамі, калі-нікалі чытаць цішком навіны. Таму не паверылі, вядома», — успамінае Раман.
Былы вайсковец расказвае, што пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну іх адпраўлялі на ўзмацненьне мяжы. Салдаты жылі ў намётавым лягеры. Раман кажа, што ўмовы там былі ніштаватыя. Дадае, што камандаваньне пасьля пачатку вайны давяло да асабовага складу інфармацыю, што «калі ўкраінцы прыйдуць да нас ваяваць, то трэба будзе абараняць краіну».
«У сакавіку прайшла інфармацыя, што з суседняй часткі ўцяклі два салдаты. Нам сказалі, што калі мы так зробім, то першы стрэл будзе на папярэджаньне, другі на паражэньне. Паміж сабой мы тэму вайны не асабліва абмяркоўвалі, толькі жартавалі і, натуральна, баяліся. Асабліва калі былі на палігоне па ахове пераправы і чулі гукі баёў ва Ўкраіне. Баяліся, што нам скажуць туды ісьці», — тлумачыць Раман.
Былы вайсковец дадае, што часта ад камандаваньня чулі фразы «Помнім пра абавязак перад Радзімай», «Вы давалі прысягу».
«Былі шчасьлівыя ўсе, калі надышла дэмабілізацыя. Такіх, хто б канкрэтна хацеў ісьці ваяваць ва Ўкраіну, у нас не было», — дадаў суразмоўца.
Ілюстрацыя Радыё Свабода
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ААН: ва Ўкраіне з пачатку расейскага ўварваньня загінулі 8 тысяч цывільных. У выведцы Брытаніі назвалі іншыя лічбы«Не абавязкова глядзець тую „Панараму“, проста пасядзі 20 хвілін перад тэлевізарам»
Дзяніс дэмабілізаваўся зь беларускага войска ўвосень 2022 году. Ацэньвае яго ён як савецкае, сьцьвярджае, што там нічога не зьмянілася. Былы вайсковец кажа, што ідэалёгія ў войску мусіць прысутнічаць, але ў выніку яе не было.
«У раскладзе дня ёсьць куча прапагандысцкіх штучак, але адказным проста лянота нешта рабіць. Проста ўсім пляваць — і ім, афіцэрам, і нам тым больш. Ёсьць абавязковая „Панарама“ і „Арсэнал“. Можаш не глядзець, але 20 хвілін перад тэлевізарам мусіш адседзець. Можаш нават кнігу падчас гэтага прагляду чытаць», — кажа суразмоўца.
Тэлефоны з доступам у інтэрнэт у войску забароненыя. Але Дзяніс расказвае, што практычна ўсе іх мелі і карысталіся. Галоўнае было не папасьціся на вочы камандаваньню ці контравыведцы.
«Некаторыя „спаліліся“ з тэлефонамі і былі пакараныя. Калі свае афіцэры заўважаць, то яшчэ такой бяды, проста забяруць. Калі контравыведка, то можна і на гаўптвахту трапіць. Але проста яны (тыя, каго злавілі з тэлефонам. — РС), дзейнічалі тупа, таму іх злавілі», — кажа былы салдат.
Дзяніс дадае, што цяпер у войску, прынамсі ў той частцы, дзе ён служыў, няма дзедаўшчыны.
«Ёсьць такая „гульня ў дзедаўшчыну“. Ты ў яе ці гуляеш, ці не. Як хочаш. Але да кожнага салдата камандзіры давялі нумар „гарачай лініі“. Калі туды будзе званок са скаргай на дзедаўшчыну, мала нікому ня будзе. Вінаватых могуць і пасадзіць. Усе гэтага баяцца, і таму няма гвалту. Гэта рэальна працуе, я сам бачыў», — зазначыў Дзяніс.
Мужчына кажа, што супрацоўнікі контравыведкі сачылі, каб у тэлефонах салдат і афіцэраў не было нічога зь бел-чырвона-белым сьцягам.
«У аднаго знайшлі, дык быў скандал. Але пакараньне, па сутнасьці, было толькі такое, што трэба было заявіць, што ты патрыёт, і зьняцца на фоне чырвона-зялёнага сьцяга. Часам контравыведка магла выклікаць, пытаньні розныя задаваць. Але я ня бачыў у частцы нейкіх такіх людзей, якія жорстка супраць сыстэмы. Бо хто з такіх пайшоў бы ў войска? Гэта дурнем трэба быць», — лічыць былы жаўнер.
Ён кажа, што калі цябе злавілі на нечым афіцэры ці контравыведка, то «няма чаго там патрабаваць правоў, бо гэта вайсковая частка ўсё-ткі».
Ілюстрацыя Радыё Свабода
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Мінабароны Беларусі, якое дапамагае Расеі атакаваць Украіну, заявіла пра ўласную «вытрымку» і «ўзброеныя правакацыі» з боку NATO«Калі пачалася вайна, нам выдалі баявыя патроны, і салдаты жартам цэліліся адзін у аднаго»
Дзяніс сьцьвярджае, што ў ягонай частцы пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне не было адзінага погляду на падзеі.
«Некаторыя афіцэры маглі выступаць за Расею. Але былі і такія, праўда, шарагоўцы, хто выступаў за Ўкраіну. І ім нічога за гэта не было», — кажа былы салдат. Ён дадае, што вайскоўцаў найбольш хвалявала, «нас зачэпіць ці не зачэпіць».
Паводле суразмоўцы, ранкам 24 лютага 2022 году ім выдалі бронекамізэлькі і баявыя патроны. Тады ж даведаліся, што Расея пачала «спэцапэрацыю» ва Ўкраіне.
«З маіх назіраньняў, усім было пляваць. Стаялі, дурэлі, цэліліся адзін у аднаго са словамі: «Бабах, бабах!». Так, мабыць, уяўлялі, што яны на вайне. Жартавалі: «Ну, здохнеш ва Ўкраіне», — успамінае беларус.
Для чаго ім выдалі бронекамізэлькі і баявыя патроны, ён ня ведае. «Можа, прыхамаць камандзіра. Можа, так яно і трэба, калі ў суседняй краіне ідзе вайна. Але ў любым выпадку войска мусіць такім займацца», — лічыць Дзяніс.
Ён дадае, што асаблівых дыскусій наконт вайны ва Ўкраіне сярод саслужыўцаў не было, бо «ўсім, па сутнасьці, было напляваць».
«І не было нейкай жорсткай прапаганды. Некаторыя салдаты казалі: „Наперад, Украіна, мачыце русьню“, і іх ніхто ня здаў. Ну, яны і не крычалі пра гэта, але паміж сабой так гаварылі», — сьцьвярджае суразмоўца.
Падразьдзяленьні іхнай часткі ў разгар паўнавартаснага ўварваньня адпраўлялі на мяжу. Па словах Дзяніса, там салдаты вартавалі вайсковую тэхніку.
Дзяніс расказаў, што, апроч вартаваньня тэхнікі на мяжы з Украінай, яны займаліся пагрузкай боепрыпасаў для расейскага войска. «Грузілі боепрыпасы са складоў. Я ня пэўны, што гэта былі нашы, беларускія боепрыпасы, хоць і такое можа быць. Як і тое, што, можа, некалі СССР ці Расея пакінулі на складах гэтыя боепрыпасы для часовага захоўваньня. Цяпер мы іх грузілі. Яны ішлі, вядома, на вайну, ва Ўкраіну. Але не наўпрост зь Беларусі. Яны з нашых складоў ехалі ў Расею. Зразумела, куды потым», — кажа мужчына.
Былы вайсковец дадае, што пасьля дэмабілізацыі ў ягоны вайсковы білет, як і іншым жаўнерам, уклеілі паперку, што «ў выпадку чаго» ён мусіць на працягу 24 гадзін зьявіцца ў сваёй частцы.
Ілюстрацыя Радыё Свабода
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Франак Вячорка: Вайна ня скончыцца, пакуль ня скончыцца гібрыдная акупацыя Беларусі«Недзе 30–40 адсоткаў дэсантнікаў падтрымлівалі Расею, астатнія — хто як»
Яшчэ адзін суразмоўца, які адгукнуўся на просьбу расказаць пра службу ў беларускім войску ў 2022 годзе, таксама служыў у дэсантным падразьдзяленьні. Ён сьцьвярджае, што служыў па кантракце з 2019 па 2022 год у дэсантна-штурмавой брыгадзе ў Берасьці.
«На вучэньнях нам намякалі, што напад рыхтуецца ня толькі з боку Захаду, але і з Украіны. Таму мы павінны ня толькі абараняцца, але і ўмець праводзіць наступальныя апэрацыі пры падтрымцы Расеі. Камандзіры самі былі не ў захапленьні, яны ўвесь час абмяркоўвалі гэтую тэму», — сьцьвярджае былы вайсковец.
Паводле яго, 24 лютага 2022 году ў частцы «пачаўся пярэпалах». Жаўнераў паднялі па баявой трывозе і загадалі рухацца ў бок мяжы з Украінай.
«Камандзіры ніякай інфармацыі не даводзілі. Пераказвалі навіны, сьцьвярджалі, што „Ўкраіну акупавалі нацысты“, „брацкі народ Украіны мае патрэбу ў дапамозе“. Але потым інфармацыя крыху зьмянілася, пачалі расказваць, што расейцы ваююць супраць калектыўнага Захаду, а мы чакаем каманды», — дадае суразмоўца.
Мужчына кажа, што большасьці салдатаў было «ўсё роўна» на тую інфармацыю, якую даводзілі камандзіры.
«Я б сказаў, недзе 30–40% падтрымлівалі Расею, а астатнія хто як. Наша вайсковая частка не займалася забесьпячэньнем, мы баявая частка. Нас, хутчэй за ўсё, рыхтавалі да вайны на тэрыторыі Ўкраіны», — лічыць былы дэсантнік.
Паводле яго, у частку прыяжджаў «сам Прыгожын» з ПВК «Вагнэр».
«Праводзіў адбор, некалькі чалавек нават пагадзіліся. Не скажу, жывыя яны цяпер ці не, але хлопцы былі „адбітыя“», — сказаў былы вайсковец.
Па яго словах, на сумесных вучэньнях з расейцамі былі канфлікты: «На глебе таго, што мы не ваюем, у адрозьненьне ад нашых расейскіх калег».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
СБУ: асуджаны на 10 гадоў беларус Зязюльчык, які ваяваў супраць Украіны, быў агентам КДБВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.