У Гаазе пачаўся «Народны суд» над Пуціным

Лялька Пуціна на пратэсьце ў Празе. Ілюстрацыйнае фота

У працэсе, які ня мае юрыдычнай сілы, удзельнічаюць вядомыя міжнародныя юрысты.

У Гаазе пачаўся «Народны суд» над прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, якога «судзяць» за агрэсію ў сувязі з уварваньнем ва Ўкраіну, піша «Голас Амэрыкі»​.

Размова ідзе аб сымбалічным кроку з мэтай закрыць «прагал у прыцягненьні да адказнасьці» ў адсутнасьць міжнароднага трыбуналу з належнай юрысдыкцыяй.

Суд не валодае юрыдычнай сілай, але абвінавачаньне заявіла, што яно прадставіць сьведчаньні таго, што Пуцін зьдзейсьніў злачынства ў выглядзе агрэсіі, аддаўшы загад аб уварваньні год таму і разьвязаўшы разбуральную вайну, у выніку якой былі забітыя тысячы чалавек, а гарады пераўтвораны ў руіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бяз штурму Крамля, без узяцьця Львова і без атакі на Дразды. Канец вайны, які многіх расчаруе

«Гэта злачынства, якое ўвойдзе ў аналы бясслаўя. Гэта злачынства, якое патрабуе, каб за яго адказалі», — заявіў Дру Ўайт, канадзкі адвакат, які выступае ў якасьці аднаго з пракурораў народнага суду.

Хаця Міжнародны крымінальны суд пачаў расьсьледаваньне злачынстваў, учыненых ва Ўкраіне, ён не валодае юрысдыкцыяй для перасьледу расейскіх лідэраў за агрэсію.

«Народны суд» — гэта сумесная ініцыятыва праваабарончай арганізацыі «Кіно за мір», украінскага «Центра громадянських свобод» і Бэна Фэрэнца, 102-гадовага юрыста, які зьяўляецца апошнім пракурорам Нюрнбэрскага працэсу над найвышэйшымі нацысцкімі лідэрамі пасьля Другой сусьветнай вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Гаазе будзе створаны міжнародны цэнтар па расьсьледаваньні злачынства агрэсіі ва Ўкраіне — кіраўніца Эўракамісіі

Тыднёвыя слуханьні адкрыліся ў Гаазе праз два дні пасьля таго, як віцэ-прэзыдэнт Камала Харыс заявіла, што Вашынгтон устанавіў, што расейскія войскі ва Ўкраіне ўчынілі злачынствы супраць чалавечнасьці, і настойвала на тым, што вінаватых трэба прыцягнуць да адказнасьці.

Плянуецца, што суд вынесе вэрдыкт у пятніцу — першую гадавіну расейскага ўварваньня.

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Аляксандра Мацьвійчук з украінскага «Центра громадянських свобод» выступіла з заявай па відэасувязі перад пачаткам працы суду.

«Пуцін, палітычнае кіраўніцтва і найвышэйшае вайсковае камандаваньне, якія ініцыявалі, сплянавалі і пачалі гэтую агрэсіўную вайну, павінны быць пакараныя за гэтае міжнароднае злачынства», — сказала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ПАРЭ зацьвердзіла свае патрабаваньні аб стварэньні спэцыяльнага трыбуналу супраць кіраўніцтва Расеі і Беларусі