Значная ўвага ў дакумэнце Асамблеі прысьвечана стварэньню новага міжнародна-прававога мэханізму пакараньня за злачынства агрэсіі.
Рэзалюцыя ПАРЭ аб прававых і праваабарончых складніках агрэсіі РФ супраць Украіны стала асноўным дакумэнтам па Ўкраіне, які прынялі на бягучай сэсіі асамблеі. Пра гэта паведамляе са Страсбургу карэспандэнт «Эўрапейскай праўды». У дакумэнце значную ўвагу аддалі стварэньню новага міжнародна-прававога мэханізму пакараньня за злачынства агрэсіі.
«Не існуе іншага міжнароднага крымінальнага трыбуналу, кампэтэнтнага перасьледаваць і караць за злачынства агрэсіі, учыненае супраць Украіны», — тлумачыць свой заклік ПАРЭ.
Таксама Асамблея аддала асаблівую ўвагу таму, што адказнымі за злачынства агрэсіі павінны быць прадстаўнікі кіраўніцтва Расеі і Беларусі, якія ў дакумэнце згадваюцца на адным узроўні.
«Расейскія і беларускія палітычныя і вайсковыя лідэры, якія плянавалі, рыхтавалі, ініцыявалі або ажыцьцяўлялі гэтыя дзеяньні і якія мелі магчымасьць кантраляваць палітычныя або ваенныя дзеяньні дзяржавы або кіраваць імі, павінны быць ідэнтыфікаваныя і прыцягнутыя да адказнасьці. Бязь іх рашэньня аб разьвязваньні гэтай агрэсіўнай вайны супраць Украіны не адбылося б зьверстваў, якія вынікаюць з гэтай вайны», — падкрэсьлівае дакумэнт.
ПАРЭ, зрэшты, адзначае неабходнасьць расьсьледаваць таксама ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасьці і абвінавачаньні ў генацыдзе, якія падпадаюць пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду.
Цягам гэтай сэсіі ПАРЭ некалькі разоў заклікала да стварэньня спэцтрыбуналу, а таксама падкрэсьліла, што Рада Эўропы павінна адыгрываць ключавую ролю ў гэтым працэсе.
Таксама на пачатку тыдня ПАРЭ прызнала, што вайсковая агрэсія РФ супраць Украіны пачалася ў 2014, а не ў 2022 годзе; у новым рашэньні гэты падыход пацьверджаны.