Міністэрства абароны Брытаніі: за апошнія два тыдні вайны Расеі зазнала найбольшыя страты за год

Баі каля Бахмуту, Данецкая вобласьць, Украіна

Пры гэтым у Вялікай Брытаніі заўважылі, што Ўкраіна працягвае цярпець вялікія страты ад расейскіх ракетных атак.

Брытанскае Міністэрства абароны заявіла, што за апошнія два тыдні Расея, пэўна, зазнала самы высокі ўзровень страт зь першага тыдня маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, якое адбылося амаль год таму, піша «​Голас Амэрыкі»​.

Назіраньне міністэрства заснавана на дадзеных Украіны аб тым, што за апошні тыдзень з расейскага боку штодня гінулі ў сярэднім 824 чалавекі, што больш як у чатыры разы перавышае сярэдні паказчык за чэрвень і ліпень. У міністэрстве заявілі, што статыстыка грунтуецца на «падобных на дакладныя» ўкраінскіх дадзеных.

Рост расейскіх страт, заявіла міністэрства, «падобна, абумоўлены» некалькімі фактарамі, у тым ліку нястачай падрыхтаванага пэрсаналу, каардынацыі і рэсурсаў на фронце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Тых хто адступіў, расстрэльваюць на месцы». Палонныя байцы з «ЧВК Вагнера» расказалі CNN пра страты і забойствы

У абноўленай інфармацыі выведкі Вялікай Брытаніі, апублікаванай у Twitter, таксама гаворыцца, што ва Ўкраіне працягвае назірацца высокі ўзровень скарачэньня электраэнэргіі. Падчас свайго начнога відэазвароту ў нядзелю прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі высока ацаніў намаганьні працоўных у аднаўленьні энэргасыстэм, пашкоджаных бесьпілётнікамі і ракетнымі атакамі Расеі 10 лютага.

Зяленскі сказаў, што большасьці людзей не даводзілася сутыкацца зь вялікай колькасьцю адключэньняў у суботу і нядзелю.

«Сам факт, што ... пасьля інтэнсіўнага ракетнага ўдару на гэтым тыдні мы можам правесьці такія мірныя энэргетычныя дні, сьведчыць аб прафэсіяналізьме нашых энэргетыкаў, — сказаў ён. — Трэба разумець: гэта яшчэ не рашучая перамога на энэргетычным фронце. На жаль, могуць быць новыя тэракты з боку Расеі. Могуць быць новыя абмежаваньні, калі будуць далейшыя разбурэньні або рост спажываньня».

Зяленскі заявіў, што плянавыя адключэньні электраэнэргіі зноў адбудуцца, калі працоўны тыдзень пачнецца, паведамляе Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Інстытут вывучэньня вайны: Расея не гатовая да шырокамаштабнага наступу

У Харкаве, другім па велічыні горадзе Ўкраіны, адзін чалавек быў паранены ў выніку падзеньня трох расейскіх ракет С-300 на аб’екты інфраструктуры ўначы, паведаміў кіраўнік адміністрацыі Алег Сінягубаў. Расейскія вайскоўцы заявілі, што пацэліілі ў цэхі па зборцы бранятэхнікі на машынабудаўнічым заводзе імя Малышава.

Украінскія вайскоўцы заявілі, што ў 11 лютага ўвечары яны зьбілі пяць расейскіх бесьпілётнікаў над часткова акупаванымі Запароскай і Данецкай абласьцямі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.