Вайсковая тэхніка ў лесе на ўсходзе Ўкраіны, зіма 2023 году
Украінскія вайсковыя чыноўнікі і расейскія праваенныя нацыяналістычныя галасы зьмяншаюць здольнасьць Расеі пачаць шырокамаштабны наступ у Данецкай вобласьці ў цяперашніх абставінах. Расейскія сілы ня здольныя весьці эфэктыўныя баі на шырокім фронце, гаворыцца ў матэрыяле Інстытуту.
Пра гэта гаворыцца ў новым тэксьце Інстытуту вывучэньня вайны (ISW). Прадстаўнік Галоўнага выведнага ўпраўленьня Ўкраіны Андрэй Чарняк заявіў, што Расея ня мае рэсурсаў, неабходных для пачатку маштабнай наступальнай апэрацыі 24 лютага, прымеркаванай да гадавіны расейскага ўварваньня ў 2022 годзе. Чарняк адзначыў, што расейцы рыхтуюцца ўзмацніць свае атакі на ўсходзе Ўкраіны ў бліжэйшыя некалькі тыдняў і цяпер шукаюць слабыя месцы ва ўкраінскай абароне.
ISW раней ацаніла, што расейскія войскі вярнулі ініцыятыву на лініі Сватава-Крамянная, але наступ яшчэ не дасягнуў поўнага тэмпу.
Прэс-сакратар Усходняй групоўкі войскаў Украіны палкоўнік Сяргей Чараваты таксама адзначыў, што расейскае кіраўніцтва аддала загад аб захопе адміністрацыйных межаў Луганскай і Данецкай абласьцей, і заявіў, што жорсткія дзеяньні Расеі ў Бахмуце зьяўляюцца «„сымбалем“ няздольнасьці Расеі весьці хуткія дзеяньні пры наступальнай апэрацыі».
Расейскія мілітарныя блогеры выглядаюць дэмаралізаванымі праз пэрспэктывы Крамля зьдзейсьніць буйны наступ. Камандуючы з «Данецкай народнай рэспублікі» (ДНР) Аляксандар Хадакоўскі задаўся пытаньнем, чаму расейскія войскі марнуюць свае абмежаваныя рэсурсы на дробныя наступальныя дзеяньні, а не назапашваюць баявыя сілы для правядзеньня больш маштабных наступальных дзеяньняў.
Паведамленьні пра тактычныя няўдачы расейскіх войскаў вакол Вуглядару, Данецкая вобласьць, верагодна, яшчэ больш аслабілі веру расейскай ультранацыяналістычнай супольнасьці ў тое, што расейскія войскі здольныя пачаць рашучую наступальную апэрацыю.
Паводле назіраньняў ISW, расейскія войскі выкарыстоўваюць больш традыцыйную мэханізаваную тактыку манэўранай вайны са звычайнымі злучэньнямі, а не элітнымі мотастралковымі, марской пяхотай і танкавымі элемэнтамі. Як і прагназавалася, асабовы патэнцыял аднавілі за кошт мабілізацыі. Але расейскія вайскоўцы, відаць, не змаглі падрыхтаваць свой мабілізаваны пэрсанал да вядзеньня эфэктыўных мэханізаваных наступальных апэрацый за кароткі пэрыяд часу з моманту прызыву.
Цяпер Інстытут прагназуе, што расейцы наўрад ці здолеюць выйсьці з раёну Бахмуту на больш шырокі тэатар ваенных дзеяньняў, бо тактыка, якую яны выкарыстоўваюць у Бахмуце, больш пасуе для густанаселеных гарадоў, а сілам нападнікаў не хапае колькасьці элітных фармаваньняў, неабходных для правядзеньня больш буйных баявых дзеяньняў. З гэтага дасьледчыкі робяць выснову, што Расея да новага маштабнага наступу не гатовая.