Прэмʼер Польшчы ня выключыў, што закрыюць іншыя пераходы на мяжы зь Беларусьсю. Іх засталося два
Матэвуш Маравецкі
Агулам на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску, але на 10 лютага толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў.
Прычына закрыцьця памежнага пераходу ў Баброўніках — рост напружанасьці ў адносінах зь Беларусьсю, заявіў прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі на прэс-канфэрэнцыі ў Бруселі.
«Мы ня выключаем закрыцьця іншых пераходаў зь Беларусьсю. Ёсьць яшчэ адзін вельмі вялікі пераход „Тэрэспаль“, калі я правільна памятаю. На гэты раз мы закрылі пераход „Баброўнікі“.
Прычына гэтага — узмацненьне трэньняў з Беларусьсю. Расея, Крэмль ставяцца да Беларусі як да свайго інструмэнту. Яна грае крамлёўскую музыку. Гэта для нас, для Ўкраіны і Эўропы — больш і больш небясьпечныя паводзіны і больш і больш небясьпечны фэномэн. Мы паслалі вельмі моцны сыгнал па гэтым канале Менску», — сказаў Маравецкі.
На легкавіку ў Польшчу можна будзе ехаць толькі праз Берасьце
Агулам на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. Сёньня зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў.
Берасьце (Тэрэспаль) — дзейнічае,
Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023,
Казловічы (Кукурыкі) — легкавым аўтамабілям праезд забаронены, толькі грузавым,
Брузгі (Кузьніца Беластоцкая з польскага боку)— закрыты ў 2021 годзе,
Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку,
Дамачава (Славатыча) — не функцыянуе па ініцыятыве польскага боку.
Такім чынам, ад 10 лютага для легкавых машын дзейніче толькі адзін пункт на мяжы з Польшчай— «Варшаўскі мост — Тэрэспаль».
У 2021 годзе Польшча закрыла пераход Брузгі (Кузьніца Беластоцкая), прычына — міграцыйны крызіс, які арганізавалі беларускія ўлады.
Каля Горадні таксама ёсьць памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён працягвае працу і знаходзіцца блізка да мяжы і з Польшчай.
Польскі бок з 10 лютага ад 12.00 гадзіны (14.00 па менскім часе) афіцыйна прыпыніў афармленьне транспартных сродкаў і асобаў, якія едуць празь мяжу на польскі пункт пропуску «Баброўнікі» на нявызначаны час «у інтарэсах дзяржаўнай бясьпекі».
Такое рашэньне было агучана пасьля вынясеньня прысуду журналісту, дзеячу польскай меншасьці ў Беларусі Анджэю Пачобуту.