Інстытут вывучэньня вайны: расейцы, падобна, пачалі вялікі наступ на Данбасе

Украінскія танкі накіроўваюцца на пазыцыі ў Крамянную Луганскай вобласьці. 15 студзеня 2023

Паводле экспэртаў, расейская армія патроху прасоўваецца ўздоўж мяжы Харкаўскай і Луганскай абласьцей, і гэта пацьвердзілі геалякацыйныя кадры баявых дзеяньняў.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заявілі, што апошнія паведамленьні пра баі на ўсходзе Ўкраіны сьведчаць аб аднаўленьні расейскай ініцыятывы.

«Тэмп расейскіх апэрыцый уздоўж лініі Сватавае — Крамянная на захадзе Луганскай вобласьці прыкметна павялічыўся цягам апошняга тыдня», — адзначаецца ў штодзённай справаздачы ISW.

Паводле экспэртаў, расейская армія патроху прасоўваецца ўздоўж мяжы Харкаўскай і Луганскай абласьцей, і гэта пацьвердзілі геалякацыйныя кадры баявых дзеяньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады Луганшчыны паказалі цалкам зьнішчаны пасёлак і заявілі, што расейскі снайпэр застрэліў яго апошнюю жыхарку

У справаздачы адзначаецца, што Расея падцягнула на луганскі кірунак падразьдзелы адразу некалькіх дывізій, што можа сьведчыць аб пачатку вялікага наступу.

У той жа час аналітыкі адзначаюць, што наступальная апэрацыя яшчэ не дасягнула неабходнага тэмпу, бо Расея пакуль не далучыла да баявых дзеяньняў падразьдзелы 2-й мотастралковай дывізіі, якую ў студзені перадысьлякавалі зь Беларусі ў Луганскую вобласьць.

«Расейскія войскі паступова пачынаюць наступ, але ягоны посьпех немагчыма вызначыць наперад. Хоць расейскія сілы ў Луганскай вобласьці цяпер маюць ініцыятыву, поўнае далучэньне гэтых сіл можа прывесьці да канчатковай кульмінацыі ўздоўж лініі Сватавае — Крамянная. Гэтая кульмінацыя, імаверна, адкрые вакно магчымасьцяў для контранаступу ўкраінскіх войскаў», — адзначылі экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны.

У брытанскай выведцы лічаць, што надвор’е перашкодзіць расейскаму наступу

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявілі, што надвор’е працягвае адыгрываць значную ролю ў ходзе вайны Расеі ва Ўкраіне.

«8 лютага тэмпэратура на глебе была каля 0 градусаў. Цягам наступнага тыдня, паводле прагнозаў, павышэньне тэмпэратуры і раставаньне сьнегу, імаверна, яшчэ больш пагоршаць умовы перамяшчэньня тэхнікі», — адзначылі брытанскія выведнікі.

Паводле іх, найгоршыя ўмовы надвор’я будуць у сярэдзіне і канцы сакавіка, таму абодва бакі могуць пазьбягаць плянаваць наступы на гэты час.

«Аднак уяўныя палітычныя або апэратыўныя магчымасьці могуць пераважыць такія асьцярогі, як гэта ўжо прадэманстраваў пачатак уварваньня Расеі ў канцы лютага 2022 года», — мяркуюць у вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Заходнія выведкі: Расеі не хапае ўзбраеньня, але яна паспрабуе наступаць да перадачы замежнай зброі Ўкраіне

У Генштабе Ўкраіны назвалі кірункі наступу Расеі

Сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун паведаміў, што расейскія войскі канцэнтруюць свае намаганьні на вядзеньні наступу на купянскім (Харкаўская вобласьць), ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і навапаўлаўскім кірунках (Данецкая вобласьць).

«За апошнія содні падразьдзелы сілаў абароны адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Стэльмахаўка і Белагораўка Луганскай вобласьці, 16 населеных пунктаў Данецкай вобласьці, а таксама каля Новаандрэеўкі на Запарожжы», — паведаміў Аляксандар Штупун.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Інстытут вывучэньня вайны аб загадзе захапіць Данбас да сакавіка: Пуцін зноў пераацэньвае магчымасьці арміі РФ