У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі прагназуюць, што найбліжэйшай апэратыўнай мэтай расейскіх войскаў зьяўляецца захоп Данецкай вобласьці.
«Аднак расейскім сілам удаецца прасоўвацца на некалькі сотняў мэтраў за тыдзень. Гэта, магчыма, таму, што Расеі цяпер бракуе боепрыпасаў і манэўраных падразьдзелаў, неабходных для пасьпяховых наступаў», — адзначаюць брытанскія выведнікі.
У той жа час, паводле іх, расейскае камандаваньне пры дапамозе палітычнага і прафэсійнага ціску працягвае патрабаваць ад недаўкамплектаваных і неспрактыкаваных падразьдзелаў «дасягненьня нерэальных мэтаў».
«Расейскае камандаваньне, хутчэй за ўсё, будзе працягваць патрабаваць шырокага наступу. Застаецца малаімаверным, што Расея зможа нарасьціць сілы, неабходныя для таго, каб істотна паўплываць на вынік вайны ў найбліжэйшыя тыдні», — перакананыя ў выведцы Вялікай Брытаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея плянуе новы маштабны наступ ва Ўкраіне ў сярэдзіне лютага, — Financial TimesГенштаб Украіны: расейцы перагрупоўваюць войскі
Сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун паведаміў, што за апошнія содні расейскія войскі нанесьлі 6 ракетных і 24 авіяцыйныя ўдары, а з рэактыўных сыстэм абстралялі цывільныя аб’екты ў Харкаўскай, Данецкай, Днепрапятроўскай і Херсонскай абласьцях. Ёсьць ахвяры сярод мірных жыхароў.
«Праціўнік працягвае праводзіць перагрупаваньне (сіл) на асобных кірунках. Асноўныя намаганьні канцэнтруе на правядзеньні наступу на куп’янскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і навапаўлаўскім кірунках», — адзначыў Штупун.
Паводле яго, украінскія войскі адбілі атакі расейцаў у трох населеных пунктах Луганскай і сямі паселішчах Данецкай абласьцей.
Пятро Андрушчанка, дарадца мэра Марыюпалю, паведаміў, што другі дзень запар на трасе Данецк — Марыюпаль фіксуецца надзвычай вялікі рух расейскай вайсковай тэхнікі. Паводле яго, тэхніка часткова застаецца ў Марыюпалі і ў навакольлі, і далей перамяшчаецца ў кірунку Бярдзянску і Палогаў Запароскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Інстытут вывучэньня вайны аб загадзе захапіць Данбас да сакавіка: Пуцін зноў пераацэньвае магчымасьці арміі РФРасея сьпяшаецца правесьці наступ да атрыманьня Ўкраінай новай зброі з Захаду
Аналітыкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) ў сваёй штодзённай справаздачы адзначаюць, што ў Расеі застаецца няшмат часу, каб спрабаваць правесьці наступ.
Абапіраючыся на зьвесткі замежных і ўкраінскай выведак, экспэрты ISW выказалі думку, што расейскае вайсковае камандаваньне сьпяшаецца пачаць рашучы наступ да прыбыцьця заходняй вайсковай дапамогі і наступленьня вясновага сэзону, які леташняй вясной перашкодзіў расейскім мэханізаваным войскам прасоўвацца наперад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэм’ер Польшчы перакананы, што Ўкраіна мусіць рыхтавацца да магчымага паўторнага нападу Расеі зь БеларусіВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.