Парлямэнт Украіны зьвярнуўся ў МАК: прапанова дапусьціць спартоўцаў з Расеі і Беларусі на Алімпіяду — непрыхаваная падтрымка вайны

Вярхоўная Рада Ўкраіны. Архіўнае фота

Дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны лічаць недапушчальным удзел у Алімпіядзе спартоўцаў і судзьдзяў з Расеі і Беларусі.

Вярхоўная Рада Ўкраіны выступіла са зваротам да парлямэнтаў краін сьвету, Міжнароднага алімпійскага камітэту, нацыянальных алімпійскіх камітэтаў і міжнародных спартовых фэдэрацый.

У ім яна заклікала забараніць удзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў у міжнародных спартовых спаборніцтвах, у тым ліку ў Алімпіядах, да завяршэньня збройнай агрэсіі Расеі супраць Украіны, вываду расейскіх войскаў з украінскай тэрыторыі і вырашэньня пытаньня кампэнсацыі Расеяй стратаў Украіны. Зварот падтрымалі 324 дэпутаты.

Украінскія парлямэнтары перакананыя, што прапанова дапусьціць на алімпійскія спаборніцтвы расейскіх і беларускіх спартоўцаў — «абраза памяці сотняў тысяч грамадзян Украіны, у тым ліку больш як 220 украінскіх спартоўцаў, якія самааддана сталі на абарону Айчыны і паклалі жыцьцё ў барацьбе за яе будучыню як дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавы».

Вярхоўная Рада падкрэсьліла, што гэтыя прапановы ня ўлічваюць надзвычай жорсткага і барбарскага характару вайны, разьвязанай Расеяй пры падтрымцы Беларусі супраць Украіны і накіраванай на генацыд украінскага народу.

У звароце адзначаецца, што Расея сыстэматычна абстрэльвае жылыя будынкі, энэргетычную і сацыяльную інфраструктуру.

«У выніку вайны пацярпелі больш як 320 спартовых аб’ектаў, зь іх 87 зьнішчаныя цалкам або часткова», — паведамляецца ў дакумэнце.

Украінскія дэпутаты перакананыя, што пасьля расейскага ўварваньня лёзунг «Спорт па-за палітыкай» страціў права на існаваньне.

«Супольны ўдзел украінскіх спартоўцаў, зь якіх шмат страцілі на вайне сваякоў і сяброў, і расейскіх і беларускіх спартоўцаў, сваякі якіх забіваюць украінцаў, абумовіць вялікую колькасьць канфліктаў на спартовых пляцоўках. Асабліва небясьпечнымі могуць стаць двубоі на фэхтавальных дарожках, барцоўскіх кілімах, у сэктарах стральбы з агнястрэльнай зброі і спаборніцтваў лучнікаў»,— адзначаецца ў звароце.

Дэпутаты таксама лічаць недапушчальным удзел судзьдзяў з Расеі і Беларусі.

«Вярхоўная Рада Ўкраіны мяркуе, што допуск расейскіх і беларускіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў у час, калі трывае вайна Расеі, стане непрыхаванай падтрымкай гэтай вайны і спробай залагодзіць агрэсара», — перакананыя дэпутаты ўкраінскага парлямэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Намер МАК дазволіць расейцам і беларусам рыхтавацца да Алімпіяды-2024 выклікаў спрэчкі. Што гавораць зацікаўленыя бакі

Як разгортваецца канфлікт вакол удзелу расейцаў і беларусаў у Алімпіядзе

25 студзеня Міжнародны алімпійскі камітэт заявіў, што гатовы ўключыць расейскіх і беларускіх спартоўцаў у сьпіс удзельнікаў Алімпіяды пры ўмове выкарыстаньня нэўтральнага сьцяга і даць ім шанец для ўдзелу ў кваліфікацыйных спаборніцтвах. У адказ Кіеў разгарнуў міжнародную кампанію дзеля недапушчэньня ўдзелу расейскіх і беларускіх спартоўцаў у Алімпіядзе-2024.

31 студзеня Масква заявіла, што будзе вітаць любыя крокі МАК, якія дазваляюць расейцам удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. Але празь некалькі гадзін МАК заявіў, што падтрымлівае санкцыі, уведзеныя супраць Масквы і Менску ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны.

Міністар спорту Ўкраіны Вадзім Гутцайт заявіў, што Ўкраіна спадзяецца заручыцца шырокай міжнароднай падтрымкай поўнай забароны на ўдзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе за ваенную агрэсію.

МАК назваў гэта паклёпам і заявіў, што такія словы не спрыяюць канструктыўнай дыскусіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША падтрымліваюць удзел расейцаў і беларусаў у Алімпіядзе ў якасьці «нэўтральных спартоўцаў» — Белы дом

Выканаўчы дырэктар беларускага Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін у інтэрвію Свабодзе заявіў, што, на яго думку, беларусы і расейцы могуць браць удзел у Алімпіядзе толькі ў выпадку актыўнай антываеннай пазыцыі. Дэлегацыю НАК зь Менску на Алімпіяду ў Парыж дапускаць нельга, бо яна прадстаўляе не беларускі народ, а рэжым Лукашэнкі.

Як лічыць Апейкін, МАК павінен вызначыцца, як ён будзе вырашаць пытаньне тых беларускіх спартоўцаў, правы якіх парушыў рэжым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Фонд спартовай салідарнасьці заклікаў не дапускаць да Алімпіяды спартоўцаў, якія публічна ня выступяць супраць вайны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.