Улады Луганшчыны паказалі цалкам зьнішчаны пасёлак і заявілі, што расейскі снайпэр застрэліў яго апошнюю жыхарку

Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай, 12 студзеня 2023 году

На відэазапісе можна пабачыць толькі фундамэнты, якія засталіся ад жылых будынкаў. У пасёлку да вайны жылі каля 500 чалавек.

Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай апублікаваў відэакадры пасёлку Навасёлаўскае ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласьці.

На гэтым запісе відаць толькі фундамэнты, якія засталіся ад жылых дамоў. У пасёлку да вайны жылі каля паўтысячы чалавек. Гэтую тэрыторыю ўкраінскія войскі вызвалілі летась у канцы сьнежня.

«Пасёлак пусты. Мясцовых жыхароў там няма. У студзені расейскі снайпэр застрэліў апошнюю жыхарку Навасёлаўскага. У населеным пункце не ўцалеў ніводзін будынак, усё патрушчана варожымі снарадамі. Так выглядае „рускі сьвет“», — пракамэнтаваў гэты відэазапіс Сяргей Гайдай.

У тэлевізійным эфіры кіраўнік рэгіёну ня выключыў, што расейцы рыхтуюцца да вялікага наступу на луганскім кірунку.

«Мы бачым, што ўсё больш і больш сьцягваюць рэзэрвы на наш кірунак, фіксуем, што завозяць больш тэхнікі, якую хаваюць у лесапасадках. Пасьля 15 лютага (наступу) можна чакаць у любы час»

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што цяпер асноўныя баявыя дзеяньні адбываюцца ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Адначасова расейцы працягваюць абстрэл прыфрантавых населеных пунктаў.

«Асноўныя намаганьні акупанты канцэнтруюць на вядзеньні наступальных дзеяньняў на куп’янскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і навапаўлаўскім кірунках. Падчас баявых дзеяньняў у раёне гораду Бахмут адзначаецца поўная адсутнасьць каардынацыі і ўзаемадзеяньня сярод вайскоўцаў расейскіх акупацыйных войскаў і наймітаў так званай ПВК «Вагнэр», — адзначылі ў Генштабе.

Незалежнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі няма. Ва ўмовах вайны цяжка апэратыўна спраўджваць апэратыўную інфармацыю і заявы прадстаўнікоў уладаў краін, якія ваююць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне ствараюць «Гвардыю наступу» для вызваленьня захопленых Расеяй тэрыторый